У якую краіну Лукашэнка вырашыў уцячы ад ультыматуму Зяленскага?
5- 25.06.2026, 12:00
- 6,316
Падказка знайшлася ў ягоным інтэрв'ю.
На фоне абвастрэння адносін з Украінай і ультыматуму з боку Уладзіміра Зяленскага Аляксандр Лукашэнка раптоўна абвясціў пра «доўгую камандзіроўку за мяжу».
Лукашэнка не раскрыў кірунак сваёй паездкі. Згадаў толькі, што камандзіроўка будзе доўгай. Аднак дыктатар, як піша «Зеркало», ужо згадваў, куды збіраецца, у інтэрв'ю тэлеканалу «Аль-Арабія», апублікаваным на сайце яго прэс-службы 15 чэрвеня. Тады напрамкам сваёй найбліжэйшай паездкі ён назваў Інданезію.
— З В'етнамам у нас добрыя адносіны, з М'янмай. З Інданезіяй (вось будзе мой найбліжэйшы візіт) някепскія адносіны выбудаваліся, мы туды і прадаем, і нашыя тэхналогіі яны просяць, — сказаў ён.
Палітык не называў дакладных дат, калі ён збіраецца з'ехаць. Аднак камандзіроўку ён згадаў, калі гаварыў пра Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які запланаваны на 25 і 26 чэрвеня 2026 года. «Таму вам трэба будзе займацца гэтым перш за ўсё», — сказаў Лукашэнка прэм'ер-міністру Аляксандру Турчыну.
Нагадаем, Уладзімір Зяленскі у пятніцу, 19 чэрвеня, запатрабаваў ад рэжыму Лукашэнкі на працягу тыдня прыбраць рэтранслятары дронаў, якія знаходзяцца ў прыгранічных раёнах Беларусі і якія Расія выкарыстоўвае для каардынацыі атак па тэрыторыі Украіны.
«Ён можа гэта прыбраць? Думаю, яму тыдня будзе дастаткова, каб гэта зрабіць. Калі ён гэтага не зробіць, гэта зробім мы», — заявіў Зяленскі.
Учора, 24 чэрвеня, Зяленскі заявіў, што рэтранслятары спынілі працу.