25 чэрвеня 2026, Чацвер, 14:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка вырашыў хавацца ў чужым доміку

Лукашэнка вырашыў хавацца ў чужым доміку

Кіраўнік не стаў чакаць сканчэння тэрміну.

Калі я табе казаў мінулы раз, што хтосьці схаваецца ў доміку, я нават не падумаў, што ён будзе хавацца ў чужым доміку. А трэба было б мне падумаць.

Бо сапраўды ў чужым доміку хавацца значна лепш, чым у сваім. Па-першае, свайго доміку шкада. А па-другое, па чужым доміку, можа, яшчэ і не прыляціць. Зноў жа і ў Мадзяра будзе ў Беларусі не 500, а толькі 499 мэтаў. Суцэльны профіт.

Жарт, вядома. Нікуды хтосьці не хаваецца. У кагосьці проста даўно загадзя запланаваны міжнародны візіт найвышэйшага геапалітычнага значэння, а не тое, што вы там сабе падумалі.

Ды навошта яму хавацца? Гордыя гаранты не хаваюцца. Гордых гарантаў ультиматумамі не спалохаеш. Яны маюць чым на гэтыя ультиматумы адказаць — мала не падасца нікому.

Таму на ультиматумы Зяленскага пра рэтранслятары хтосьці адказаў, як пацан. Сапраўдны мужык. Моцны і ўпэўнены ў сабе лідар. То бок, усё зрабіў сам. Сам усё адключыў.

Прычым не чакаючы ўстаноўленага ультиматумам тыднёвага тэрміну. І правільна, дарэчы, што не чакаючы. А то хто яго ведае, як гэты тыдзень лічыць. Можа, Зяленскі наогул працоўную пяцідзёнку меў на ўвазе.

А цяпер усё. Рэтранслятары не працуюць, хтосьці дома не будзе. І што ты, Зяленскі, са мной зробіш, а? Рэтранслятары, рэтранслятары. Якія рэтранслятары? Я ніякіх рэтранслятараў не чапаў. І атрымліваецца, няма ў цябе, грамадзянін Зяленскі, метадаў супраць Сашы Трох адсоткаў.

Дык дарэмна некаторыя перажывалі, каб гаранта, у якога тэрмін сцякае, выпадкова не ўцягнулі ў вайну. Хтосьці сам не дурань, каб уцягвацца. Вядома, рэпутацыя панесла пэўную шкоду. Але любы гарант, у якога тэрмін сцякае, ведае, што лепш няхай пацерпіць рэпутацыя, чым шкурку страціць.

Тым больш, у кагосьці ёсць свае тэлевізары. А тэлевізары ўжо ўсё патлумачылі. Што, па-першае, ніхто рэтранслятараў не адключаў.

Па-другое, ніякіх рэтранслятараў не было.

А па-трэцяе, ніхто гэтых рэтранслятараў (якіх ніколі не было) адключаць не будзе. Бо хтосьці ніякімі ультиматумамі не спалохаецца. Ён сам каго хочаш спалохаецца.

Праўда, калі прэзідэнт Зяленскі казаў пра рэтранслятары, ён яшчэ ўзгадаў пра бензін з беларускіх заводаў для Расіі. Ніякіх ультиматумаў. Божа барані. Проста так, між іншым, згадаў.

Але цяпер ён можа зноў узгадаць. І ўжо не проста так, а з празрыстым намёкам.

Бо калі ты адзін раз адключыў рэтранслятары, то што табе замінае адключыць Расіі бензін з Мазырскага завода? Цяжка бывае толькі першы раз, а далей ідзе па накатанай.

Тым больш, зноў жа ў кагосьці ёсць тэлевізары. А тэлевізары заўсёды могуць патлумачыць, што мы, па-першае, ніякага бензіну з Мазырскага завода Расіі не прадавалі. Па-другое, што як прадавалі, так і прадаем, каму хочам. Галоўнае, каб тэлевізарам не давялося потым тлумачыць, што ніякага Мазырскага завода ніколі не было.

Telegram-канал «Лісты да дачкі»

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках