Куды сыходзяць былыя беларускія сілавікі?
10- 10.04.2009, 9:15
Не ўсе вызваленыя ад сваіх пасад кіраўнікі сілавых ведамстваў сыходзяць на пенсію.
Некаторыя з іх узначальваюць спартовыя федэрацыі, іншыя – працуюць памочнікамі па адмысловых даручэннях пры дзяржаўных ведамствах.
Звольнены 6 красавіка з пасады міністра ўнутраных спраў Уладзімір Навумаў пакуль што ўзначальвае Федэрацыю хакея Беларусі. На наступны дзень пасля адстаўкі ён паведаміў, што заставацца яму ў хакеі або не, ён вырашыць пасля 15 мая, нагадвае «Радыё Свабода». Назіральнікі звязваюць гэта з тэрмінамі вынікаў галасавання, якое вызначыць краіну-гаспадыню чэмпіянату свету 2014 года па хакеі.
Былы міністр пакуль не даў канкрэтнага каментара наконт сваёй адстаўкі. Ён паведаміў, што яму спатрэбіцца 1-2 тыдні, каб агледзецца і прыняць рашэнне.
У Беларусі спартовыя федэрацыі традыцыйна ўзначальваюць сілавікі. Палітыкі лічаць, што Аляксандр Лукашэнка раздае грамадскія пасады сілавікам для таго, каб тыя, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс, выбівалі з нязгодлівых чыноўнікаў і бізнэсмэнаў грошы і кантралявалі размеркаванне фінансавых сродкаў.
Першая постаць у беларускім хакеі – безумоўна, сам Аляксандр Лукашэнка. Ён пачаў маштабнае будаўніцтва лядовых палацаў у абласных цэнтрах і вялікіх гарадах рэспублікі, а кіраваць гэтым працэсам паставіў тагачаснага прэзідэнта хакейнай федэрацыі, кіраўніка сваёй службы бяспекі Юрыя Бародзіча.
Пазней Бародзіча змяніў галоўны міліцыянт краіны – Уладзімір Навумаў. Менавіта пры ім галоўныя службовыя месцы ў федэрацыі і хакейным клубе «Юнацкасць» занялі сілавікі.
Былы «шэф» КДБ Леанід Ерын, якога Лукашэнка адправіў у адстаўку пасля рэферэндуму 2004 года, узначаліў федэрацыю біятлона. Пасля сыходу ў адстаўку Леанід Ерын уладкаваўся намеснікам кіраўніка буйнога ведамства – расейскай чыгункі.
У меншай ступені пашанцавала ягонаму пераемніку Сцяпану Сухарэнку. Значнага бізнэсу ён не пабудаваў. Былы кіраўнік КДБ – звычайны пенсіянер.
Знаходзіцца на пенсіі і былы камандзір спецназа ўнутраных войскаў Дзмітрый Паўлічэнка.
Былы кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, у мінулым – генеральны пракурор і сакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман цяпер не мае былых пасад. Фармальна ён з'яўляецца сустаршынём «Беларуска-венесуэльскай камісіі высокага ўзроўня» і памочнікам прэзідэнта па спецыяльных даручэннях.
Былы камандзір АМАПа Юрый Падабед – цяпер палкоўнік запасу.
Нагадаем, што Віктар Шэйман, Дзмітрый Паўлічэнка і Ўладзімір Навумаў дагэтуль знаходзяцца ў «чорным спісе» як падазраваныя ў выкраданнях і забойствах лідэраў беларускай апазіцыі і бізнэсмэнаў.