9 траўня 2024, Чацвер, 22:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю: Улады Беларусі павінны спыніць рэпрэсіі і правесці свабодныя выбары

32
Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю: Улады Беларусі павінны спыніць рэпрэсіі і правесці свабодныя выбары

На сесіі Еўрапейскага парламента ў Брусэлі 2 красавіка большасцю галасоў была ўхваленая рэзалюцыя, якая асуджае парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

За рэзалюцыю прагаласавалі 594 дэпутаты Еўрапарламента, супраць – 19, паведамляе «Радыё Свабода».

У рэзалюцыі еўрапарламентары выказваюць занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Дэпутаты заклікаюць беларускія ўлады ў 9-месячны тэрмін, на які былі прыпыненыя візавыя санкцыі, рэфармаваць выбарчае заканадаўства, каб гарантаваць прадстаўнікам апазіцыі сяброўства ў выбарчых камісіях на ўсіх узроўнях; забяспечыць роўныя правы ўсім СМІ, зняўшы забарону на падпіску і распаўсюд незалежных выданняў праз дзяржструктуры; адмяніць артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія выкарыстоўваюцца для пераследу журналістаў і сябраў незарэгістраваных арганізацыяў.

У рэзалюцыі кажацца пра неабходнасць гарантаваць грамадзянам свабоду асацыяцыяў, сходаў і рэлігіі, а таксама палітычныя правы, у прыватнасці, пакласці канец практыцы «палітычна матываваных звальненняў, выключэнняў з ВНУ, прызываў у армію».

Парламент ЕЗ заклікае Менск увесці мараторый на ўжыванне смяротнага пакарання, прызнаць ГА «Саюз палякаў у Беларусі» на чале з Анжалікай Борыс, перагледзець выпадкі гвалтоўнага прызыву ва Узброеныя сілы актывістаў Франака Вячоркі, Івана Шылы і Зміцера Хведарука, а таксама стварыць умовы для вяртання з Вільні Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Еўрапарламент лічыць, што развіццё палітычнага дыялогу паміж ЕЗ і Беларуссю павінна залежаць ад «зняцця абмежаванняў на свабоду і спынення гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў акцыяў пратэсту і праваабаронцаў». У сувязі з гэтым у дакуменце ўтрымліваецца заклік неадкладна вызваліць грамадскіх актывістаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага.

Еўрапарламентары таксама настойваюць на ўключэнні дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў дыялог ЕЗ і Беларусі і выказваюць надзею на тое, што ў найбліжэйшай будучыні Менск і Брусэль пачнуць дыялог па правах чалавека.

Парламент ЕЗ мае намер заклікаць еўраструктуры палегчыць візавыя працэдуры і знізіць кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў, забяспечыць фінансавую падтрымку грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці тэлеканала «Белсат», які вяшчае на Беларусь, а таксама разгледзець меры паляпшэння дзелавога клімату, умоваў гандлю і інвестыцыяў у Беларусі.

Калі Беларусь выканае пералічаныя рэкамендацыі, еўрапарламентары маюць намер рэкамендаваць Радзе ЕЗ і Еўракамісіі разгледзець магчымасць поўнага зняцця візавых санкцыяў з беларускіх чыноўнікаў, а таксама «паскорыць працэс рэінтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую сям'ю дэмакратычных краінаў».

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках