Абароняць расійскі карвэт ніхто не паспяшаўся
- Ігар Семіволос
- 23.11.2026, 15:42
Удар у Бенгазі стаў сігналам для ўсіх, хто прымае караблі РФ.
Папярэднія эпізоды ля берагоў Лівіі — з газавозам Arctic Metagaz і танкерамі — украінскі бок пакідаў без каментарыяў. На гэты раз вядомыя назва судна, колькасць дронаў і ёсць відэазапіс.
Дэталь, якую варта ўдакладніць: «ля берагоў Лівіі» насамрэч азначае прычал ваенна-марской базы ў Бенгазі — на тэрыторыі, якую кантралюе генерал Хафтар.
Бачу тры прычыны, паводле якіх мы прызналі ўдар.
Па-першае — тып мэты. Танкер — грамадзянскае судна; тут узнікаюць пытанні экалогіі і скаргі ў Міжнародную марскую арганізацыю. Карвэт — баявы карабель агрэсара, то-бок законная мэта. Прызнаваць удар па ім бяспечна.
Па-другое — адмаўляць ужо не было сэнсу. Урад у Бенгазі сам паведаміў пра атаку дронаў, лівійскія вайскоўцы размаўлялі з AP, з’явілася відэа з верталёта. Калі маўчанне нічога не хавае, лепш самому вырашыць, як падаць падзею. Класіка.
Па-трэцяе — адрасат. Тобрук і Бенгазі сталі для Расіі заменай Тартусу, дзе яе пазіцыі пасля падзення Асада пахіснуліся, а забеспячэнне ажыццяўляецца з Балтыкі праз Гібралтар. Фраза «працягваем аперацыі ў пэўных акваторыях» звярнутая да ўсіх, хто прымае расійскія караблі.
Цяпер пра рамку, якую ўжо прасоўваюць.
/blockquote>Бенгазі заяўляе, што Лівія не з’яўляецца бокам вайны, а расійскі пасол абвінавачвае Кіеў ва ўцягванні ў канфлікт трэціх краін. Але вайна ў Лівіі ідзе з 2011 года. Там ужо ваявалі Турцыя, ААЭ, Егіпет, тая самая ПВК «Вагнер». Украіна не адкрыла новы фронт, а прыйшла па тых, хто ўжо даўно там акопаўся.
Некалькі слоў пра «пакравіцеляў Хафтара».
Інтарэсы Егіпта і ААЭ супадаюць у Лівіі, але разыходзяцца ў Самалі і Судане. У Судане Каір падтрымлівае армію, тады як Расія гадамі супрацоўнічала з яе праціўнікамі. Цяпер Расія замацоўваецца яшчэ і на заходняй мяжы Егіпта. Для Каіра гэта пытанне небяспечнага атачэння, а не салідарнасці з Хафтарам. Егіпет набывае больш збожжа ў Расіі, але украінская пшаніца служыць для яго важнай супрацьвагай, якая не дазваляе цалкам залежаць ад Масквы: больш за чвэрць імпарту паступае з Украіны.
У свой час у нас ужо была дыскусія з егіпцянамі пра мэты Украіны ў Афрыцы. Паслухаўшы ад нас: «Мы прыйшлі па расіян», яны засталіся задаволеныя. Гэта формула працуе, паколькі мэта абмежаваная: Украіна не імкнецца да сталай прысутнасці або ўплыву.
Расія прыходзіць, каб застацца. Мы прыходзім па яе.
Пакуль што рэакцыя паказальная. Бенгазі загаварыў пра парушэнне суверэнітэту і звярнуўся ў Савет Бяспекі ААН. Трыпалі дыстанцыяваўся: выказаў занепакоенасць уцягваннем лівійскіх партоў у чужыя канфлікты і адначасова папракнуў Бенгазі ў тым, што суверэнітэт краіны стаў закладнікам расколу. Масква пагражае «адказам». Каір і Абу-Дабі захоўваюць маўчанне.
Абароняць расійскі карвэт ніхто не паспяшаўся.
Ігар Семіволос, Facebook