4 траўня 2024, Субота, 15:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хакейная каманда Лукашэнкі прайграла

16

Каманда беларускага кіраўніка аказалася саслабленай адсутнасцю некалькіх вядучых гульцоў.

19 красавіка ў менскім Палацы спорту скончыўся фінальны раўнд Другіх рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі сярод аматарскіх камандаў на прызы Прэзідэнцкага спартовага клуба, паведамляе БелТА.

У вырашальным паядынку каманда Гомельскай вобласці абгуляла леташняга пераможцу дружыну прэзідэнта Беларусі — 9:8 (4:3, 2:2, 3:3) і стала ўладальніцай галоўнага прыза.

Лепшыя снайперы фінальнага матчу — форварды Міхаіл Клімін з Гомельскай вобласці і Андрэй Асташэвіч з каманды прэзідэнта, якія закінулі па 3 шайбы. Аляксандр Лукашэнка закінуў 1 шайбу і стаў аўтарам двух выніковых перадачаў.

Прызы лепшым гульцам сустрэчы ў складзе каманды прэзідэнта атрымалі форвард Андрэй Асташэвіч і абаронца Алег Мікульчык. У складзе каманды Гомельскай вобласці прызамі адзначаныя брамнік Дзмітры Кузняцоў і абаронца Аляксандр Аляксееў.

Напярэдадні фінальнага раўнда каманда Гомельскай вобласці ўмацавалася віцэ-чэмпіёнамі беларускай экстралігі у складзе клуба «Гомель» абаронцамі Андрэем Філічкіным, Яраславам Масленікавым, форвардамі Міхаілам Кліміным, Паўлам Мусіенкам, Яўгенам Есаўлавым. Акрамя таго, у дружыне Гомельшчыны з'явіўся былы форвард зборнай Беларусі Андрэй Скабелка, які з'яўляецца цяпер адным з настаўнікаў «Гомелю». Бронзавы прызёр беларускай экстралігі жлобінскі «Металург» дэлегаваў у каманду Гомельскай вобласці форварда Аляксея Ложкіна і галоўнага трэнера Яўгена Лебедзева, які кіраваў дзеяннямі каманды ў фінале.

Каманда Лукашэнкі апынулася саслабленай з-за адсутнасці Уладзіміра Цыплакова, які стаў лепшым бамбардзірам папярэдняга этапу спаборніцтваў. Ён у складзе штаба нацыянальнай зборнай Беларусі адправіўся на таварыскія матчы ў Гренобль. З трыбунаў за фінальным паядынкам назіраў адзін з пастаянных удзельнікаў каманды прэзідэнта Міхаіл Захараў, які траўміраваны.

Бронзавым прызёрам Другіх рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі сярод аматарскіх камандаў на прызы Прэзідэнцкага спартовага клуба стала каманда Менскай вобласці, якая ў матчы за 3-е месца адолела дружыну Віцебскай вобласці — 10:4.

Каманда кіраўніка Беларусі была адзінай сярод удзельнікаў турніру, не якая зазнала паразаў да фінальнага матчу. Яна заняла першае месца ў групавым раўндзе, атрымаўшы перамогі ва ўсіх матчах з агульнай розніцай закінутых шайбаў плюс 30, і лічылася відавочным фаварытам.

Выніковае ж становішча камандаў пасля папярэдняга этапу было такое: каманда Лукашэнкі — 12 балаў (розніца шайбаў 63-33), Гомельская вобласць — 8 (63-36), Менская вобласць — 8 (66-40), Віцебская вобласць — 7 (46-44), Гарадзенская вобласць — 5 (34-38), Берасцейская вобласць — 2 (31-53), Магілёўская вобласць — 0 (30-89).

Лепшым брамнікам турніру прызнаны вартавы каманды Гомельскай вобласці Дзмітры Кузняцоў, які адбіў 3 буліты ў фінальным паядынку. Лепшым абаронцам названы Алег Раманаў з каманды прэзідэнта, форвардам — Андрэй Кавалёў з каманды кіраўніка дзяржавы.

Лепшым бамбардзірам спаборніцтваў стаў форвард каманды Лукашэнкі Андрэй Асташэвіч, які зарабіў 27 балаў (12+15) па сістэме «гол плюс пас». Сам Лукашэнка набраў 16 балаў (4+12).

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках