Менскі кікбаксёр – фаварыт міжнароднага турніру (Фота)
11- 21.05.2009, 15:29
У польскім горадзе Лодзь 23 траўня адбудзецца супертурнір па К-1. На адзін рынг выйдуць лепшыя кікбаксёры і каратысты Польшчы, Беларусі, Літвы і Румыніі.
Як паведамляе <«Еўрарадыё», пераможца турніру патрапіць у Японію на фінал чэмпіянату свету К-1.
Галоўны фаварыт Гран-пры менскі баец Забіт Самедаў – вельмі папулярны ў Японіі і ЗША і малавядомы ў Беларусі. Практычна ўсе баі Забіт перамагае накаўтамі.
Супрацьстаяць нашаму байцу будуць лепшыя кікбаксёры Польшчы (Марцін Разальскі) і Літвы (Міндаўгас Сакалаўскас). Таксама ў турніры прымуць удзел прадстаўнікі Румыніі, Францыі і чэмпіён Еўропы па тайскім боксе з Украіны Сяргей Лашчанка.
«Я еду перамагаць, біцца да апошняга, нікому не будзе соладка, — сказаў Забіт Самедаў. – А з самым лепшым палякам я ўжо спарынгаваў на трэніроўцы. Зламаў яму нос. Не ведаю, што можа мяне спыніць».
У Лодзь збіраюцца прыехаць прадстаўнікі фан-клуба Самедава з усяго свету. На прэс-канферэнцыі перад турнірам ніводзін баец не вырашыўся сказаць, што пераможа Самедава. Хаця менчук – самы малады баец турніру (24 гады) і самы лёгкі (93 кг).


