Віцэ-прэм'ер: Беларусь разлічвае на прывілеяванае супрацоўніцтва з Кубай
3- 21.05.2009, 17:20
«Беларусь разлічвае быць прывілеяваным эканамічным партнёрам Кубы на доўгатэрміновай аснове», заявіў віцэ-прэм'ер Віктар Бура.
Пра гэта ён паведаміў, выступаючы 21 траўня на адкрыцці дзявятага паседжання беларуска-кубінскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, піша БелаПАН.
Бура адзначыў, што бакі «здаволеныя вынікамі гандлю па выніках 2008 года».
«Разам з тым, неабходна прааналізаваць прычыны заніжэння таваразвароту ў першым квартале гэтага года. Прычым не толькі выявіць прычыны, але і вызначыць комплекс мераў па яго павелічэнні», - адзначыў віцэ-прэм'ер.
Паводле яго словаў, «з улікам існуючых цяжкасцяў фінансава-эканамічнага характару, выкліканых сусветным крызісам, краінам неабходна накіраваць высілкі на распрацоўку новых схемаў фінансавання экспартна-імпартных аперацыяў».
Беларускі бок, сказаў Бура, паінфармуе кубінскі пра свае магчымасці пры падаванні адтэрміновак плацяжоў за беларускую прадукцыю.
Віктар Бура ўзначальвае беларускую частку сумеснай камісіі, намеснік міністра знешняга гандлю і замежных інвестыцыяў Кубы Рыкарда Герэра Бланка — кубінскую.
У межах візіту чальцы кубінскай дэлегацыі правядуць перамовы ў зацікаўленых міністэрствах і ведамствах, наведаюць шэраг беларускіх прадпрыемстваў і арганізацыяў, у тым ліку Менскі трактарны завод, Менскі малочны завод № 1, завод «Менск Крышталь», Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. Аляксандрава.
Плануецца, што Беларусь і Куба падпішуць міжурадавую дамову аб супрацоўніцтве ў галіне ветэрынарыі.