5 траўня 2024, Нядзеля, 16:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейская злачыннасць ідзе да нас?

26

Хутка Беларусь можа стаць ігральнай зонай для жыхароў суседніх краін.

Ігральны бізнэс у Расеі сталі забараняць у 2007 годзе, але з 1 ліпеня 2009 года ў краіне легальна можна будзе згуляць толькі на таталізатары, у букмекерскай канторы або ў спартовы покер. Супрацоўнікам прапанавалі шукаць новую працу, гульнявыя аўтаматы распрадаюць, а эксперты прагназуюць, што ігральны бізнэс сыйдзе ў падполле і вернуцца часы нелегальных казіно ў трохпакаёвых кватэрах.

Аднак, як піша газета «Комсомольская правда в Беларуси», расейцы неўзабаве могуць пачаць адкрываць казіно ў Беларусі. Зараз у Беларусі ідзе праца над праектам указу Аляксандра Лукашэнкі «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні парадку ажыццяўлення дзейнасці ў сферы ігральнага бізнэсу».

«Варта перашуфляваць усё заканадаўства па ігральным бізнэсе і з улікам гэтага дня зрабіць яго лепшым у свеце», - аддаў даручэнне Лукашэнка.

У выніку самыя буйныя расейскія казіно ўжо пачынаюць пераязджаць у Менск. Наведвальнікаў яны гатовыя вазіць у Менск чартарамі.

«Пакуль кліентаў у нас больш не стала, - распавялі ў менскім казіно «Данькоў-клуба». - Яшчэ не ўступіла ў сілу канчатковая забарона ў Расеі. Але расейцы сапраўды будуць ездзіць. Яны збіраюцца нават адкрыць сваё казіно ў Менску. У Беларусь вязуць гульнявыя аўтаматы».

«Ажыўленне на рынку ігральнага бізнэсу пачалося яшчэ летась, - распавёў вядучы кантралёр-рэвізор Мінспорта Алег Караненка. - Нашыя спецыялісты прагназавалі, што ў Беларусь прыйдуць расейцы са сваімі грашыма. Але нешта пакуль яны неактыўна ідуць. У Расеі, па чутках, збіраюцца пралабіяваць закон аб вяртанні ігральнага бізнэсу. Забарона можа застацца ў сіле толькі ў буйных гарадах. Але пакуль нічога не вядома, працаваць можна да канца чэрвеня, і ў асноўным удзельнікі рынка чакаюць. Але самыя буйныя казіно - такія, як расейскае «Шангры-ла», - ужо збіраюцца пераехаць у Менск. Знайшлі памяшканне, робяць рамонт. У планах «Шангры-Ла» - вазіць расейскіх гульцоў да нас на чартарах. На беларусаў яны першапачаткова і не разлічвалі. Нашым людзям няма чаго траціць у казіно. А вось масквічоў эканамічна выгадна нават на самалётах прывозіць...»

Але разам з грашыма ў Менск можа прыйсці расейская злачыннасць. Раёны, дзе размешчаныя казіно, звычайна лідуюць у крымінальных зводках па колькасці злачынстваў. У казіно п'юць, а часам – прайграюцца так, што становіцца няма чаго губляць.

Не варта забываць і аб гульнявой залежнасці. Шматлікія, хто трапляе ў свет казіно, дзе няма гадзіннікаў і сонечнага святла, там і застаецца. Пакуль не прайграе ўсё, уключаючы жыллё і апошні гарнітур, і не адправіцца лячыцца ад залежнасці ў спецыяльны дыспансер.

А яшчэ казіно - гэта рай для эканамічных злачынстваў. У 2008 годзе ў ціхай Беларусі, дзе пакуль усяго каля 30 казіно, толькі фінансавая міліцыя Камітэта дзяржкантролю ў сферы адмывання грошай раскрыла 15 злачынстваў на агульную суму некалькі сотняў тысяч даляраў. Што ж будзе, калі казіно стане нашмат больш?

Прыбытак жа, які казіно могуць прынесці нашаму бюджэту, уяўны. Бо калі расейцы пабудуюць тут свае ігральныя дамы, дзе будуць гуляць нашыя суседзі-масквічы, то Беларусь стане толькі паштовай скрыняй для замежных грошай. Заставацца ў нас будуць лічаныя капейкі.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках