Леанід Заіка: Беларусі будзе невыгодна здабываць нафту ў Іране
2- 3.06.2009, 10:12
Беларускія ўлады ў сярэдзіне чэрвеня працягнуць перамовы па фінансаванні праекту па здабычы нафты на іранскім радовішчы Джофеір.
Геалагічныя запасы іранскага радовішча ацэньваюцца ў 2,1 млрд. барэляў. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Браніслаў Сівы, паведамляе «Заўтра тваёй краіны». Наколькі выгодна Беларусі здабываць нафту ў Іране? Кіраўнік Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць, што здабываць нафту ў такіх краінах як Іран і Венесуэла – вялікая памылка.
«У нас быў перыяд нафтавага экстазу. Але калі ў 2006 годзе расейцы абрэзалі пастаўкі нафты, улады адразу кінуліся шукаць нафту ў Венесуэле і Іране», -- нагадвае эканаміст.
Па ягоных словах, імкненне Беларусі самастойна здабываць нафту ў Іране і Венесуэле – вялікая памылка. Эксперт адзначае, што кошт на «чорнае золата» ўпаў са 160 даляраў да 60 даляраў за барэль. Здабыча нафты, асабліва за мяжой, становіцца невыгоднай. Для нафтаздабываючых краін, да якіх адносіцца і Беларусь, прымальны кошт на нафту складае ад 70 даляраў да 100 даляраў. А зараз ён і таго ніжэй. Так што няма сэнсу самім здабываць нафту. Прасцей купіць.
«Я разглядаю гэты праект як эканамічную цацку. Бо кошт на нафтапрадукты, якія мы экспартуем, складае зараз 42 адсоткі ад таго, што было ў 2008 годзе, -- заяўляе Леанід Заіка.