13 чэрвеня 2026, Субота, 23:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Банкаматы не працавалі з-за віруснай атакі?

3

Прычынай збою ў працы аўтаматычных прыладаў найбуйнейшых банкаў краіны магла стаць атака кампутарнага «чарвяка».

«Калі ласка, чакайце», - на ангельскай мове з'яўляўся надпіс на экране некаторых банкаматаў у сераду ўвечары, калі жыхары розных рэгіёнаў Беларусі спрабавалі зняць наяўныя грошы ці зрабіць безнаяўныя плацяжы. Банкамат некалькі хвілінаў думаў, не рэагуючы на націсканне кнопак, а потым на радасць трымальніка карткі, які ўжо паспеў спалохацца, «выплёўваў» яе назад. З наступнымі па чарзе адбывалася тое ж самае. Колькасць жадаючых атрымаць гатоўку павялічвалі людзі, якія не маглі разлічыцца з дапамогай банкаўскай карткі ў краме. Падобнае здарылася з банкаматамі адразу некалькіх банкаў, піша «Народная газета».

«Быў збой у праграмным забеспячэнні, - прызнаў праблему, якая была, прэс-сакратар «Беларусбанка» Сяргей Верашчак. - Праблема не ў нас, а ў Банкаўскім працэсінгавым цэнтры, які абслугоўвае карткі нашага і некаторых іншых банкаў. Мы адказваем за тое, каб банкамат быў цэлы, не меў механічных пашкоджанняў».

Збой, як распавядаюць відавочцы, закрануў прылады і трох іншых банкаў («Белінвестбанк», «БПБ-банк» і «Белаграпрамбанк»), якія таксама абслугоўваюцца ў Банкаўскім працэсінгавым цэнтры. Праблема апынулася на слыху шмат у чым таму, што прыкладна з 6,2 мільёна эмітыраваных у краіне банкаўскіх пластыкавых картак ільвіная доля была выпушчаная менавіта чацвёркай найбуйнейшых банкаў краіны. Яны ж валодаюць і самай вялікай сеткай банкаматаў.

У самім Банкаўскім працэсінгавым цэнтры ад каментароў адмаўляюцца. «Мы разбіраемся. Тэлефануеце ў панядзелак», - былі вельмі нешматслоўныя ў кампаніі.

Збоі ў працы банкаматаў і інфакіёскаў здараліся і раней. Але, як правіла, яны насілі лакальны характар. Нядаўнія праблемы, не выключылі ў Нацыянальным банку, маглі быць звязаныя з распаўсюджваннем новага небяспечнага кампутарнага «чарвяка». Паводле некаторых звестак, нават у самім Нацбанку для прафілактыкі на два дні працаўнікам абмежавалі доступ у інтэрнэт.

Што рабіць, калі з-за кампутарнага збою з рахунку спісалі лішнія грошы?

Як патлумачылі ў «Беларусбанку», у большасці выпадкаў іх вернуць без вашага ўдзелу, залічаць на рахунак. Калі жа энная сума не вярнулася, можна звярнуцца з заявай у тое падраздзяленне банка, дзе вам выдавалі пластыкавую картку.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках