Прыватных імпарцёраў абавяжуць вывозіць беларускую прадукцыю?
17- 19.07.2009, 15:23
Улады маюць намер экстраардынарнымі мерамі прымусіць бізнэс больш актыўна ўдзельнічаць у дзяржпраграме развіцця экспарту.
Паводле інфармацыі газеты «Заўтра тваёй краіны», урад запатрабаваў ад аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкама правесці тлумачальную працу з імпарцёрамі, якія дзейнічаюць на іх тэрыторыі.
Сэнс гэтай працы – «пераканаць» імпарцёраў, што дзеля паляпшэнні знешнегандлёвага балансу і, мяркуючы па ўсім, захавання свайго бізнэсу, яны павінны больш актыўна ўдзельнічаць у дзяржаўнай праграме развіцця экспарту.
У прыватнасці, імпарцёрам рэкамендуецца самастойна ці сумесна з мясцовымі органамі ўлады паўдзельнічаць у арганізацыі на тэрыторыі Беларусі вытворчасці тых тавараў, якія імі імпартуюцца. Як бы нелагічна ні гучала гэтая ідэя, але ж нешта падобнае ўжо было рэалізавана на тытунёвым рынку краіны. Найбуйнейшы імпарцёр тытунёвых вырабаў «Брыціш-Амерыкан Табака Трэйдзінг» наладзіў на Гарадзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман» выпуск брэндаў, якія да таго завозіліся ў краіну.
Яшчэ адзін варыянт «узаемавыгаднага ўзаемадзеяння» -- імпарцёрам прапануюць узяць на сябе абавязальніцтвы вывозіць беларускіх тавараў на такую ж суму, на якую яны ўвозяць імпартную прадукцыю.
Якія будуць санкцыі за невыкананне патрабаванняў, пакуль невядома.