Вясковец застрэліўся падчас штурму яго хаты міліцэйскім спецназам (Вiдэа)
10- 29.07.2009, 9:30
Жыхара вёскі Забалаць Гарадзенскага раёна падазравалі ў забойстве суседа.
Паводле інфармацыі МУС, у вёсцы Забалаць Гарадзенскага раёна 27 ліпеня ў двары сваёй хаты 39-гадовы мужчына, раней асуджаны за ўхіленне ад выплаты аліментаў, падчас сваркі на глебе асабістых непрыязных адносінаў, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, з абрэза незарэгістраванай малакалібернай вінтоўкі нявызначанага ўзору забіў 35-гадовага аднавяскоўца. Пасля гэтага ён зачыніўся ў хаце і застрэліўся з гэтага ж абрэза. Зброя і пяць патронаў да яе канфіскаваныя.
Падрабязнасці трагедыі былі агучаныя ў праграме «Нашы навіны» тэлеканала АНТ. Паведамляецца, што прычынай сваркі паслужыла смерць сабакі 39-гадовага жыхара Забалаці, якую, на яго думку, атруціў сусед. Забіўшы яго стрэлам у галаву з абрэза малакалібернай вінтоўкі, злачынца забарыкадаваўся ў хаце і адкрыў страляніну па міліцыянтах і медыках, якія прыбылі на месца здарэння.
Пасля трохгадзінных перамоваў на штурм хаты пайшоў міліцэйскі спецназ. Аднак калі байцы патрапілі ў памяшканне, высветлілася, што забойца мёртвы — ён стрэліў сабе ў сэрца. Пазней эксперты выявілі, што забойца знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.