У Брэсце абрабавалі мэра Смаленска
14- 8.07.2009, 9:27
У адпачынак у Германію мэр Смаленска Эдуард Качаноўскі і ягоны памочнік Валер Бруханаў накіраваліся на цягніку Масква - Берлін. Але вандраванне скончылася ў Брэсце.
Недалёка ад мяжы расейскіх чыноўнікаў абрабавалі. У мэра знік пашпарт, а ў ягонага памочніка - дакументы і грошы, паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси».
З тлумачэнняў правадніцы цягніка вымалёўваецца такая карціна: адразу пасля адпраўлення чыноўнікі пачалі адзначаць адпачынак, а ў Оршы паклікалі ў купэ двух незнаёмых грузінаў. Кажуць, яшчэ на пероне ў Менску яны горача развітваліся з новымі прыяцелямі, а ўжо ў Брэсце заўважылі, што з купэ знікла барсетка.
«Пасажыры не змаглі сапраўды сказаць, якая сума знікла. Спачатку фігураваў адзін мільён расейскіх рублёў (больш за 30 тысяч даляраў). Наколькі нам вядома, усе грошы знаходзіліся на крэдытных картках, - распавядае намеснік начальніка рэзерву праваднікоў вагоннага пасажырскага дэпо «Масква - Смаленск» Мікалай Паздзерскі. - У купэ была жудасная бязладзіца. Мы лічым, што пасажыры самі справакавалі гэты крадзёж. Не варта было запрашаць у купэ першых сустрэтых і распіваць з імі спіртныя напоі».
Выявіўшы прапажу, мэр Смаленска і ягоын памочнік сыйшлі ў Брэсце з цягніка і напісалі заяву ў міліцыю. Пакуль супрацоўнікі міліцыі шукалі зніклыя дакументы і грошы, Качаноўскі і Бруханаў жылі ў брэсцкай гасцініцы. А ужо ў суботу ўвечары пашпарты знайшлі. Якім чынам, у міліцыі не кажуць.
«У нядзелю раніцай яны з'ехалі ў Берлін, - каментуе намеснік начальніка Брэсцкага АУСТ Юрый Ярмалюк. - Злачынцу пакуль не знайшлі, праводзіцца расследаванне».
Брэсцкай міліцыі яшчэ трэба знайсці выкрадзеныя грошы.
Эдуарду Качаноўскаму 35 год. Кіраўніком горада Смаленска ён быў абраны 1 сакавіка 2009 года. Эдуард Качаноўскі вядомы ў горадзе як непрымірымы барацьбіт з карупцыяй. 17 кастрычніка 2006 года ягоны твар (тады ён быў кіраўніком смаленскага рэгіянальнага аддзялення партыі «Радзіма») невядомыя аблілі кіслатой. Ні заказчыкаў замаху, ні выканаўцаў не знайшлі.