Працоўным БМЗ пагражаюць звальненнем за адмову падпісваць новыя кантракты
14- 8.07.2009, 9:34
У шэрагу цэхаў Беларускага металургічнага заводу (БМЗ) працоўныя атрымалі папярэджанні аб змене ўмоваў працы.
Як піша «Народная воля», адміністрацыя прадпрыемства ўжо паведаміла ім: «У выпадку адмовы падпісаць дадатковае пагадненне да працоўнага кантракту вы будзеце звольненыя». Лідэры незалежных прафсаюзаў настойваюць: гэта абсалютна незаконна.
У шэрагу цэхаў БМЗ працоўныя атрымалі папярэджанні аб змене ўмоваў працы ў сувязі са скарачэннем аб'ёмаў вытворчасці ў жніўні. З наступнага месяца ўводзіцца скарочаны працоўны тыдзень: працаўнікам падаецца дадатковы выходны дзень без аплаты.
Кіраўніцтва прадпрыемства папярэдзіла іх: «У выпадку адмовы падпісаць дадатковае пагадненне да працоўнага кантракту вы будзеце звольненыя па п.5 арт.35 Працоўнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь за адмову ад працягу працы ў сувязі са зменай умоваў працы».