3 траўня 2024, Пятніца, 21:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Грыцкевіч: «Дзякуючы Радзівілам беларуская мова стала дзяржаўнай у ВКЛ»

31

Беларускія даследчыкі адзначаюць важную ролю, якую адыгралі ў гісторыі Беларусі князі Радзівілы, парэшткі якіх неўзабаве будуць перапахаваныя ў Літве.

З 3 па 5 верасня ў Вільні пройдзе цырымонія развітання з парэшткамі прадстаўнікоў вядомага беларускага княжацкага роду Радзівілаў. У гэтыя дні ў межах праграмы так званага «1000-годдзя Літвы» пройдзе іх перапахаванне.

Парэшткі васьмі прадстаўнікоў княжага роду Радзівілаў былі знойдзеныя ў Дубінгяйскім гарадзішчы ў 2004 годзе.

Сярод іх — канцлер ВКЛ, віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны і яго жонка Лізавета; канцлер ВКЛ, віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Руды, яго сын Мікалай Радзівіл (1546-1589), Мікалай Радзівіл - унук М. Радзівіла Рудога, Януш Радзівіл (1579-1620).

У інтэрв'ю сайту www.charter97.org вядомы навуковец, прафесар, доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч распавёў, чым быў знакаміты княжацкі род і чаму цяперашнія беларускія ўлады спрабуюць сцерці памяць пра Радзівілаў.

«Прадстаўнікі Радзівілаў, якіх перапахаваюць у Літве, адносяцца да розных галінаў княжацкага роду, -- распавядае гісторык. -- Мікалай Радзівіл Чорны і яго спадчыннікі – гэта нясвіжская лінія. Радзівіл Чорны быў лідэрам пратэстанцтва, а дакладней, кальвінізму. Па цяперашнім фармаце яго можна лічыць «рэфарматарам». Ён прыняў пратэстанцтва, а яго дзеці вярнуліся ў каталіцызм.

Януш Радзівіл адносіцца да біржанска-кейданскай лініі княжацкага роду. Гэтая лінія ўвесь час заставалася пратэстанцкай. Але ў цэлым, і першая і другая лініі належаць аднаму вялікаму роду, які меў непасрэднае дачыненне да Беларусі. Радзівілы былі добра вядомыя як у ВКЛ, так і за яго межамі. Яны мелі на тэрыторыі сучаснай Беларусі свае валадарствы. Так да канца 17 стагоддзя другой лініі Радзівілаў належала Слуцкае княства».

Па словах Анатоля Грыцкевіча, беларуская культура шмат у чым абавязаная Радзівілам.

«Радзівілы былі палітычнымі, вайсковымі і культурніцкімі дзеячамі, -- кажа доктар гістарычных навук. -- Акрамя таго, яны былі мецэнатамі: адкрывалі школы, спрыялі развіццю адукацыі і культуры. Паколькі асноўныя валадарствы Мікалая Радзівіла Чорнага знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, шмат школаў з'явілася і ў нас. Да таго ж нацыянальнай мовай ВКЛ у той час была беларуская. Толькі ў сярэдзіне 16 стагоддзя магнаты сталі часткова размаўляць па-польску. Таму той факт, што сёння Радзівілаў перапахаваюць у Літве, асабілвага значэння не мае. Проста, як дзяржаўныя дзеячы, яны жылі ў Вільні. Я спецыяльна не кажу «Вільнюс», таму што гэта было б анахранізмам. Вільнюс як літоўскі горад з'явіўся толькі ў 21 стагоддзі, калі адсотак літоўскага насельніцтва пераваліў 50%. Да гэтага там заўсёды пераважала беларускае насельніцтва».

Анатоль Грыцкевіч падкрэслівае, што Радзівілы спрыялі ўкараненню беларускай мовы ў ВКЛ.

«Магчыма, Мікалай Радзівіл Чорны ў жыцці і не размаўляў па-беларуску, але тое, што ён зрабіў беларускую мову дзяржаўнай і ўжываў яе як дзяржаўны дзеяч - вельмі пахвальна, -- заўважае гісторык. -- У выніку нашая мова атрымала шырокі распаўсюд. Напрыклад, у 16 стагоддзі, калі віленскі суддзя ехаў разбіраць судовыя справы ў тыя вёскі, якія знаходзіліся ў глыбі краіны, ён заўсёды браў з сабой перакладчыка. Таму што суддзя размаўляў на беларускай мове, а мясцовае насельніцтва на жмудскай ці летувісцкай, і яны проста адзін аднаго не разумелі (Смяецца).

У Віленскім універсітэце захоўваецца некалькі дзясяткаў гарадскіх кнігаў часоў Мікалая Радзівіла Рудога. Дык вось - усе пратаколы вяліся толькі на беларускай мове. Яшчэ можна ўзгадаць, як стваралася Нясвіжская ардынацыя, якую падпісаў кароль Стэфан Баторы. Яна вызначала правілы перадачы зямлі па спадчыне, па мужчынскай лініі. У ёй, напрыклад, было сказана: «…а дзевак да зямлі не падпускаць». Усё было напісана на беларускай мове».

Доктар гістарычных навук упэўнены, што сённяшнія беларускія ўлады сціраюць гістарычную памяць пра Радзівілаў.

«Улады Літвы падтрымліваюць гісторыю, і гэта пахвальна. Але яны імкнуцца ўсю гісторыю ВКЛ прыпісаць сабе, -- кажа Анатоль Грыцкевіч. -- А ўладам Беларусі гэтая гісторыя цалкам нецікавая. Таму што гісторыя ў нас пачынаецца з 1944 года, з часу вызвалення Чырвонай арміяй Менска. Беларусы ўжо не ідэнтыфікуюць сябе з Радзівіламі. Пра гэта мала распавядаюць у школе, а нашыя складальнікі школьнай літаратуры спрабуюць «размазаць» гісторыю. Так што сёння мы шмат у чым вярнуліся да савецкіх часоў».

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках