18 чэрвеня 2024, aўторак, 14:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З падручнікаў гісторыі выкрэслілі ВКЛ, сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

21

Новы прынцып выкладання гісторыі абраны для таго, каб паспець распавесці вучням больш. Але замест таго, каб дадаваць у падручнікі новыя тэмы, іх выкрэсліваюць.

Як паведамляе «Еўрарадыё», прынцып выкладання гісторыі ў школах цалкам змяніўся. Пройдзены гістарычны перыяд не будзе паўтарацца ў старэйшых класах. Генадзь Пальчык, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі, кажа, што дзякуючы лінейнаму прынцыпу выкладання школьная праграма насыціцца новым матэрыялам.

«Раней былі так званыя два канцэнтры,-- кажа Генадзь Пальчык. -- Гэта значыць мы праходзім прадмет да базавай школы, а потым ідзе паўтор таго, што было. Напрыклад, гісторыя, яна ізноў пачыналася са Старажытнага свету. Зараз пабудова праграмы іншая, у яе лінейны прынцып. Гэта значыць мы пачалі гісторыю вывучаць у 5 класе, яна пайшла да 11 класа ўключна, і няма гэтага другога цыклу паўтору. У сувязі з гэтым, напрыклад, у 10 класе, калі быў нейкі паўтор, дык нейкага параграфа і не было. І гэтыя дадатковыя параграфы - гэта не лішняя інфармацыя. Яна звязаная з тым, што пераструктуравалася логіка праграмы ў лінейны прынцып».

Настаўніца Людміла Рогач распавяла, што выкладаць гісторыю Беларусі стала складаней. Выкладчыца вымушаная кожны раз казаць дзецям, якую кнігу браць на заняткі. Да таго ж яна адзначае, што гісторыя ўспрымаецца вучнямі «адрывачна».

– Гэта вельмі нязручна, -- заяўляе настаўніца. -- Дзеці атрымліваюць такую маленькую частку матэрыяла, гісторыі Беларусі адводзіцца мінімум ва ўсім гэтым. Дык яна яшчэ падаецца бессістэмна. Напрыклад, дзеці падыходзяць да нейкай тэмы, напрыклад, Кастрычніцкай рэвалюцыі. Тады мы толькі згадваем гісторыю Беларусі і ў кантэксце той жа гісторыі Расеі ці сусветнай яе вывучаем. Потым ізноў пераскокваем на сусветную гісторыю, і ланцужок нашай гісторыі неяк перарываецца. І потым мне ізноў яе трэба склейваць, калі мы падыходзім да нейкай чарговай тэмы. Губляецца пераемнасць тэмаў

- А, можа, так яны будуць бачыць кантэкст падзеяў у Беларусі?

– Мне здаецца, наадварот: яны адчуваюць гісторыю Беларусі як нешта другаснае. Ёсць сусветная гісторыя, а Беларусь толькі кропелька.

Нагадаем, год таму намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Валянціна Маеўская казала, што, нягледзячы на тое, што прадмет цяпер будзе называцца «Гісторыя», гісторыі нашай краіны там менш не стане.

«Адна гадзіна на гісторыю Беларусі, другая - на сусветную гісторыю. І так, як было, так і застанецца. Проста ў навучальным плане ён будзе называцца «Гісторыя»», -- казала яна.

На пытанне, ці змогуць дзеці засвоіць гісторыю сістэмна, калі ў старэйшых класах не будуць паўтараць пройдзенае, гісторык Уладзімір Валодзін выказаў свае сумневы.

«Шчыра кажучы, нават мне гісторыя старажытных часоў і сярэдніх стагоддзяў заўсёды давалася нашмат складаней, чым гісторыя Новага і Найноўшага часу. Лінейны прынцып выкладання мне здаецца няправільным», -- заяўляе гісторык.

З вяртаннем да адзінаццацігодкі дзяржава друкуе новыя падручнікі па ўсіх прадметах, у тым ліку і па гісторыі. У падручніках гэтых нібыта павінны быць дадатковыя параграфы замест паўтору. Але настаўніца Людміла Рогач сцвярджае, што інфармацыі ў падручніках стала менш і яна вельмі няроўна асвятляецца.

«Падручнікі, на маю думку, жудасныя, -- сцвярджае настаўніца. -- Вельмі шмат малюнкаў і вельмі мала фактаў, мала самой гісторыі. І сярод тэмаў няроўнасць. Напрыклад, на Савецкі час даецца максімум - цэлая велізарная праграма. Пра ВКЛ - мінімум. «Беларусь у складзе Расейскай імперыі» выкладаецца з зусім іншым падыходам: зараз гэтае справядлівае аб'яднанне са славянскімі народамі. Пра рэпрэсіі наагул два радкі: што падчас сталінскага кіравання праводзіліся рэпрэсіі. І усё. Курапаты таксама не згадваюцца, хаця раней у падручніках гэта было. Вялікая ўвага Вялікай Айчыннай вайне - выпушчаныя асобныя падручнікі для школьнікаў. І вельмі мала часу на культуру».

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках