18 чэрвеня 2024, aўторак, 14:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падручнікі па гісторыі Беларусі перапісалі (Фота)

84

З сённяшніх падручнікаў школьнікі нават не даведаюцца, што першым кіраўніком незалежнай Беларусі быў Станіслаў Шушкевіч.

Новыя падручнікі па гісторыі Беларусі ў школы яшчэ не паступілі, настаўнікі і дзеці атрымаюць іх бліжэй да 1 верасня. Тым не менш, на ўсіх настаўніцкіх семінарах і ў метадычных рэкамендацыях, у публікацыях «Настаўніцкай газеты» чыноўнікі ад адукацыі ўжо расставілі патрэбныя акцэнты ў выкладанні гісторыі Беларусі. Падзелы Рэчы паспалітай, далучэнне беларускіх земляў да Расеі, паўстанне Кастуся Каліноўскага выкладзеныя ўжо ў зусім іншай, фактычна прарасейскай версіі, паведамляе «Радыё Свабода».

Настаўнік гісторыі з Крупак (Менская вобласць) Андрэй Аляхновіч адзначае, што ў дасведчаных настаўнікаў, і ў былых школьнікаў, якія вучыліся ў сярэдзіне 90-х, новыя падручнікі выклікаюць жахлівае ўражанне.

«Што пра Каліноўскага зараз напісана – гэта наогул жах… Асноўныя, вузлавыя тэмы, якія і складаюць у вучня адчуванне, што твая краіна незалежная – была вельмі доўгі час, потым быў перапынак, і потым яна зноў аднавіла сваю незалежнасць. Гісторыя ВКЛ, паўстанні 19 стагоддзя выхоўваюць успрыманне сябе народам, а не племем і не часткай «трохгаловага» рускага народа. Таму гэты момант самы трагічны. Я нядаўна размаўляў з маладымі настаўніцамі, і яны ўжо кажуць пра тое, чаму іх вучылі ў інстытуце, што ад іх патрабуе раён, і чаго ад іх патрабуе ідэалагічная вертыкаль», -- заяўляе гісторык.

«Сумленны настаўнік будзе казаць тое, што і заўсёды казаў. Але такіх настаўнікаў усё менш у цяперашняй школе», -- канстатуе Андрэй Аляхновіч.

Доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч сцвярджае, што за 15 гадоў кіравання Лукашэнкі акцэнты ў падручніках па гісторыі дыяметральна змяніліся.

«За апошнія 15 гадоў у падручніках адышлі ад той тэндэнцыі, якая існавала ў першай палове 1990-х, -- кажа навуковец. -- Шмат у чым мы вярнуліся да савецкіх пазіцыяў. Спынілі крытыку сацыялізму, сацыялістычнай улады, перыяду знаходжання БССР у складзе Савецкага Саюза. Што датычыць 19 стагоддзя, дык некаторыя падручнікі нават усхваляюць палітыку царызму ў Беларусі. Прыклад - паўстанне 1863 года. У адным з падручнікаў Каліноўскага называюць прадстаўніком польскіх паўстанцаў, а Мураўёва – хваляць за тое, што ён добра ставіўся да беларускіх сялянаў».

Як заяўляюць навукоўцы, найбольшыя праўкі з пункту гледжання сучаснай дзяржаўнай ідэалогіі зведала 19 стагоддзе, а таксама пераломны перыяд 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя.

«У цэлым беларускі падручнік гісторыі больш за ўсё падобны на кароткі курс гісторыі ВКП (б), таму што 90 адсоткаў тэксту - гэты пералік прозвішчаў супрацоўнікаў абкамаў, райкамаў, гаркамаў, з ўсімі рэгаліямі і з ўсімі подзвігамі, - заяўляе расейская журналістка, віцэ-прэзідэнт фонду «Ліберальная місія» Ірына Ясіна, якая даследавала падручнікі гісторыі постсавецкіх краінаў.

Што датычыць 15 апошніх гадоў гісторыі Беларусі, дык у аўтараў школьных падручнікаў атрымалася абмежавацца прозвішчам толькі аднаго палітычнага дзеяча - Аляксандра Лукашэнкі.

Напрыклад, у падручніку для 10 класа В. Фаміна «Гісторыя Беларусі. 1945—2005 год» ні разу не ўзгадваецца прозвішча першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча. Затое ў адказах на пытанні перад вучнямі ставяцца заданні, на якія не кожны палітолаг знойдзе адназначны адказ. Напрыклад: «Давядзіце, што знешняя палітыка Беларусі мае шматвектарны характар». У цэлым, калі чытаеш гэты падручнік, ствараецца ўспрыманне, што яго галоўная мэта – не даць суцэльныя гістарычныя веды, а апраўдаць правільнасць і непазбежнасць палітычнага курсу Аляксандра Лукашэнкі.

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках