Узбуджаныя крымінальныя справы супраць кіраўніцтва «Беларуськалія»
9- 5.08.2009, 9:05
Генпракуратура заяўляе, што на прадпрыемстве дзейнічала арганізаваная злачынная групоўка.
Нагадаем, што ў студзені цяперашняга года Генеральная пракуратура адну за другой пачала ўзбуджаць крымінальныя справы ў дачыненні да службовых асобаў РУП «ВА Беларуськаліі» і кіраўнікоў прадпрыемстваў-партнёраў калійнага гіганта. Аднак, як адзначае «Ежедневник», да апошняга часу ўсе абвінавачванні былі быццам бы раскінутыя па асобных людзях і не зведзеныя ў адно цэлае. Некалькі месяцаў пра справу, якая расследуецца, не было нічога чуваць, і вось з'явілася інфармацыя, на падставе якой можна даць папярэднюю ацэнку таму, што адбывалася на РУП «ВА «Беларуськалій».
У цяперашні час Генпракуратура не сумняецца, што на прадпрыемстве дзейнічала арганізаваная злачынная група (АЗГ). Яе асновай былі намеснік начальніка Службы эканамічнай бяспекі РУП «ВА «Беларуськалій» і дзве службовыя асобы Упраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння прадпрыемства. Акрамя іх у групу ўваходзілі дырэктары і іх намеснікі ТАА «БелРасМаш» і ЗАТ «Завод «Электрамашына». Усяго, паводле дадзеных следства, АЗГ налічала сем чалавек.
На цяперашні момант у дачыненні да пазначаных асобаў узбуджаныя крымінальныя справы па падазрэнні ў здзяйсненні імі злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі, крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, махлярстве, атрыманні і даванні хабараў.
Як было выяўлена падчас расследавання, службовыя асобы РУП «ВА «Беларуськалій», дзейнічаючы ў складзе арганізаванай злачыннай групы, атрымалі ад дырэктара і намесніка дырэктара ТАА «БелРасМаш» 45 тыс. даляраў. Грошы былі атрыманыя за спрыяльнае вырашэнне пытання наконт выйгравання тэндэру на пастаўку электрарухавікоў.
Выяўлена таксама, што службовыя асобы РУП «ВА «Беларуськалій» уступілі ў злачынную змову з дырэктарам і яго намеснікам ЗАТ «Завод «Электрамашына», дарэчы, бацькам і сынам – жыхарамі Белгарадскай вобласці Расеі. Змова заключалася ў тым, каб падманам зарабіць больш за 4 млрд рублёў праз пастаўкі на прадпрыемства выбуховабяспечных трансфарматарных станцыяў для ўсталявання іх у шахтах. На самой справе падстанцыі былі таннейшымі аналагамі і не з'яўляліся выбуховабяспечнымі.
Як выявіла следства, пры дапамозе намесніка начальніка Службы бяспекі РУП «ВА «Беларуськалій», ЗАТ «Завод «Электрамашына» заключыла з беларускім прадпрыемствам дамову на пастаўку трансфарматарных падстанцыяў на суму больш за 6 млрд рублёў. На самой справе пастаўленыя падстанцыі каштавалі ўсяго 1,6 млрд рублёў. Гэта пацвердзіла праведзеная нядаўна таваразнаўчая экспертыза. Праўда, атрымаць на рукі розніцу чальцам АЗГ не атрымалася, бо іх задума быў своечасова выяўленая, і яны былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі.
У гэтай сувязі Генпракуратура ўзбудзіла крымінальныя справы ў дачыненні да двух грамадзянаў Расеі, якія з'яўляюцца дырэктарам і намдырэктара ЗАТ «Завод «Электрамашына». Ім інкрымінуецца замах на крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.