У Мінску прайшла агульнабеларуская сустрэча каталіцкіх святароў
- 5.08.2009, 14:52
Сустрэча адбылася з нагоды абвяшчэння папам Бенедыктам ХVI 2009 Годам святарства.
4 жніўня ў Чырвоным касцёле сабралося каля 180 святароў з усёй Беларусі. Сустрэча насіла малітоўны характар. Ніякіх практычных пытанняў не вырашалася. Распачалася яна з літургіі гадзін. Падчас духоўнай канферэнцыі ксёндз Уладзімір Гуляй разважаў пра ролю святароў, пра святарства як спосаб забеспячэння месца ў сэрцы для Хрыста. Скончылася сустрэча святой ішой, якая прайшла пры ўдзеле беларускіх іерархаў, ксяндзоў і законнікаў. Святую эўхарыстыю ўзначаліў 94-гадовы кардынал Казімір Свёнтэк, паведамляе "Наша Ніва".
Гэта першая сустрэча такога маштабу ў каталікоў. Праходзіла яна ў дзень успаміну апекуна ўсіх святароў Яна Марыі Віянэя. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў надзею, што такія сустрэчы будуць праходзіць штогод.