Прэм'ер-міністр Літвы сустрэўся з беларускімі дэмакратамі
7- 15.09.2009, 9:59
14 верасня ў Вільні беларуская дэлегацыя сумесна з прэм'ер-міністрам Літвы правяла прэс-канферэнцыю.
Прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі – старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец і былы палітвязень Аляксандр Казулін – правялі сустрэчу з прэм'ер-міністрам Літвы Андрусам Кубілюсам, міністрам замежных справаў Вігаўдасам Ушацкасам, а таксама са спікерам літоўскага сейма Арунасам Валінскасам, паведамляе «Радыё Свабода».
Анатоль Лябедзька адзначыў, што ініцыятыва гэтага візіту належыць літоўскаму боку.
«Для нас галоўным было акцэнтаваць увагу на праблемах, якія існуюць унутры Беларусі, а таксама паўплываць на парадак дня, які рыхтуецца да сустрэчы Лукашэнкі. Для нас вельмі важна, каб былі зробленыя правільныя акцэнты і быў выразны, зразумелы мэсыдж з боку літоўскіх уладаў», -- паведаміў палітык.
Лябедзька лічыць, што мандат на сустрэчы літоўскага кіраўніцтва з Лукашэнкам атрыманы з Брусэля, гэта не толькі фармат двухбаковых адносінаў.
«У лістападзе Еўразвязу трэба вызначыцца з тым, што рабіць далей з санкцыямі. І вось гэтая сустрэча, якраз накіраваная на тое, каб даць выразны, зразумелы мэсыдж беларускім уладам», - лічыць старшыня АГП.
Прэм'ер-міністр Андрус Кубілюс адзначыў, што з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі абмеркаваныя шмат важных пытанняў, якія магчыма абмеркаваць і з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Сярод іх -- магчымасці праграмы «Усходняе партнёрства». Прэм'ер-міністр Літвы адзначыў, што ў Беларусі неабходныя перамены ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі. І ў сувязі з новымі прэзідэнцкімі выбарамі, неабходна змяніць выбарчае заканадаўства. Кубілюс нагадаў, што да лістапада беларускія ўлады павінны зрабіць «хатняе заданне» і заявіў, што Літва праводзіць у дачыненні да Беларусі палітыку Еўразвяза.
Кубілюс не выключае сваёй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Са свайго боку, падчас сустрэчы з беларускімі дэмакратамі спікер парламента Арунас Валінскас выказаў здзіўленне, што Літва стане першай краінай Еўразвяза, якая прыме Лукашэнку на вышэйшым узроўні.
Прадстаўнікі апазіцыі не хаваюць, што да прыезду Лукашэнкі ў Вільню рыхтуюцца акцыі пратэсту.