Беларусы сталі масава адкладаць даляры на «чорны» дзень
31- 22.09.2009, 9:38
Крызіс заўважна змяніў структуру грашовых выдаткаў і ашчаджэнняў насельніцтва Беларусі.
Удзельная вага выдаткаў беларусаў на набыццё тавараў і аплату паслугаў у першым паўгоддзі істотна скарацілася, а вось адкладаць на «чорны» дзень сталі больш. Гэта не вельмі добра для беларускага фінансавага рынка – бо зберажэнні імклівымі тэмпамі растуць выключна ў замежнай валюце, адзначае «Заўтра тваёй краіны».
Удзельная вага выдаткаў на набыццё тавараў і аплату паслугаў скарацілася з 82,7% у студзені–ліпені 2008 года да 76,8% у першым паўгоддзі 2009 года. Паўсюдная эканомія на набыцці адбіваецца на паказчыках таго ж рознічнага абарачэння, якое з пачатку года катастрафічна скарачаецца. Калі ў студзені 2009 года яго тэмп росту да аналагічнага перыяду мінулага года склаў 112,3% (у значнай меры, гэтая лічба – заслуга постнавагодняга дэвальвацыйнага ажыятажу), дык ў студзені-ліпені ён склаў усяго 102,7%.
У параўнанні са студзенем-чэрвенем 2008 года ўдзельная вага выдаткаў беларусаў на ашчаджэнні вырасла з 5,9 да 7,1%. У аб'ёмным паказчыку адбыўся рост у 1,5 разы. Галоўным чынам, за кошт дэпазітаў. Прычым ашчаджэнні растуць толькі ў замежнай валюце.
Сродкі насельніцтва ў банках у рублях з пачатку года скараціліся на 693,9 млрд рублёў і складалі на 1 ліпеня 7,04 трлн рублёў. А вось дэпазіты насельніцтва ў замежнай валюце ў разгляданым перыядзе выраслі. Прычым на вельмі значную лічбу – на 4,06 трлн рублёў (у даляравым эквіваленце) ці на 73,4%. На 1 ліпеня ўклады насельніцтва ў валюце ў беларускіх банках складалі 9,59 трлн. рублёў.