30 красавiка 2024, aўторак, 13:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ПАРЕ: Ціск на беларускі рэжым проста неабходны

7
ПАРЕ: Ціск на беларускі рэжым проста неабходны

Без правядзення рэформаў лукашэнкаўскай Беларусі не варта спадзявацца на вяртанне статусу спецзапрошанага ў ПАРЕ.

Пра гэта у інтэрв'ю «Еўрарадыё» паведаміла дырэктарка інфармацыйнага бюро Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ў Польшчы Ганна Махіньска.

Прадстаўніца ПАРЕ адзначыла, што «беларускае пытанне» будзе разглядацца на сесіі Асамблеі 28 верасня.

«Я памятаю, калі быў гэты смяротны прысуд у чэрвені, дык рэакцыя Рады Еўропы была вельмі вострай. Для Рады Еўропы не можа быць гаворкі пра тое, каб краіна, у якой прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды, атрымала нават статус спецзапрошанага. Таму мараторый павінен быць абавязкова абвешчаны», - заявіла Ганна Махіньска.

Прадстаўніца ПАРЕ патлумачыла, што звычайна краіны спачатку проста яго абвяшчаюць, а потым пачынаюць адпаведным чынам змяняць заканадаўства.

«Тут не трэба сумнявацца, што па пытаннях смяротных прысудаў Рада Еўропы будзе вельмі паслядоўнай. Калі ў вашай краіне зусім нічога не зменіцца, Парламенцкая асамблея адпаведна не пойдзе насустрач Беларусі», - падкрэсліла дырэктарка бюро ПАРЕ у Польшчы.

У выпадку ж атрымання Беларуссю статусу спецзапрошанага, па словах Ганны Махіньскай, беларуская дэлегацыя зможа ўдзельнічаць ва ўсіх сесіях ПАРЕ, але без галасавання. «Аднак самае важнае - беларускія прадстаўнікі змогуць удзельнічаць у кулуюрных дыскусіях, глядзець, як праходзяць паседжанні», - адзначыла прадстаўніца Асамблеі.

«Беларусь - гэта вельмі асаблівы выпадак. Вашая краіна - адзіная ў Еўропе не ўваходзіць у Раду Еўропы. У вас асаблівыя праблемы, напрыклад, з-за смяротных прысудаў. Ды і істотных зменаў пакуль не бачна. Таму ціск з боку еўраструктураў проста неабходны», - заявіла Ганна Махіньска.

Нагадаем, што Беларусь атрымала статус «спецыяльна запрошанага» ПАРЕ у 1993 годзе. Аднак у 1996 годзе пасля рэферэндуму, які пашырыў паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі ў шкоду парламенту, просьба аб уступленні была «замарожаная». Пасля непрызнання Асамблеяй праведзенага ў 1996 годзе рэферэндуму Беларусь была пазбаўленая гэтага статусу.

За час кіравання Лукашэнкі ніводныя выбары ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю легітымнымі.

У верасні 2008 года ў Беларусі прайшлі «парламенцкія выбары». У іх удзельнічалі 263 кандыдаты па 110 выбарчых акругах. У ліку кандыдатаў было каля 100 прадстаўнікоў апазіцыі, але ніхто з іх не патрапіў у «парламент».

Місія назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ не прызнала «выбары» свабоднымі і дэмакратычнымі. АБСЕ адзначаны «дрэнны і нездавальняючы» працэс падліку галасоў. Назіральнікамі былі зафіксаваныя выпадкі фальсіфікацыяў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках