«Frankfurter Allgemeine»: Крэмль больш не бачыць у Лукашэнку партнёра
31- 19.10.2010, 13:54
Пра стасункі паміж Менскам і Масквой, якія абвастраюцца, піша нямецкая «Frankfurter Allgemeine».
Газета піша пра кампанію з удзелам расейскіх тэлеканалаў, накіраваную супраць беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, перадае Inopressa.ru.
Днямі, зазначае аўтар публікацыі Міхаэль Людвіг, расейскі прэзідэнт Дзмітры Мядзведзеў «не пакінуў ніякіх сумневаў у тым, што Крэмль больш не бачыць у Лукашэнку стратэгічнага партнёра». Можна падумаць, працягвае аглядальнік, што «Мядзведзеў хоча падштурхнуць беларускі народ» прагаласаваць на будучых прэзідэнцкіх выбарах супраць Лукашэнкі.
Выданне нагадвае, што так званым «эканамічным цудам» Беларусь абавязаная пастаўкам танных расейскіх энерганосьбітаў. Аднак з нядаўняга часу аб'ёмы бяспошліннай пастаўкі нафты і газу ў краіну моцна скараціліся; цяпер ільготы распаўсюджваюцца толькі на частку прадукцыі, прызначаную для ўнутранага беларускага спажывання. Для «эканамічнага генія Лукашэнкі» гэта канец, бо на працягу шматлікіх гадоў Беларусь атрымлівала істотную частку даходаў за кошт перапрацоўкі расейскай нафты на дзяржаўных прадпрыемствах і продажу гатовай прадукцыі за мяжу.
Страты бюджэту не пакрыць пастаўкамі венесуэльскай нафты, хаця Уга Чавес паабяцаў днямі Менску яе ў дастатку. Тым часам кошт на нафту пазначаны не быў, а яе транспартаванне з далёкай Венесуэлы абыдзецца дорага, кажацца ў артыкуле.
Час, каб ініцыяваць палітычныя і эканамічныя структурныя рэформы для дасягнення большай незалежнасці, Лукашэнка страціў, лічыць Міхаэль Людвіг. Таму беларускаму прэзідэнту, «мабыць, ізноў прыйдзецца маліць расейцаў аб прабачэнні». Апошнія, аднак, «даўно не хочуць здавольвацца дэманстрацыяй сяброўства і адданасці з боку сваіх так званых партнёраў, а жорстка выкарыстоўваюць эканамічныя рычагі».