17 траўня 2024, Пятніца, 9:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Die Welt»: «Сітуацыя ў Беларусі можа змяніцца»

22

Масква ўпершыню дала зразумець, што не мела б нічога супраць апазіцыйнага кандыдата на пасаду прэзідэнта ў Беларусі.

Як піша нямецкая газета «Die Welt», самаўпэўненаму «бацьку» надавалі славесных аплявух. Гэта аказалася вельмі нязвыклым для Аляксандра Лукашэнкі. Прычым рэзкасці нагаварыў Дзмітрый Мядзведзеў, якога беларускі кіраўнік разлічваў яшчэ доўга вадзіць за нос. Да маладога гаспадара Крамля Лукашэнка, якога таксама называюць апошнім дыктатарам Еўропы, ніколі не ставіўся сур'ёзна. Пра гэта сведчаць яго шпількі ў адрас Мядзведзева, якія выклікалі ў прэзідэнта Расеі гнеў.

У пераносным сэнсе гэтага слова. Бо ў сваім відэаблогу, тут жа растыражаваным расейскімі тэлеканаламі, кіраўнік Крамля, у кашулі без гальштука, стварае ўражанне спакойнага чалавека. Праўда, самаўпэўненага беларускага кіраўніка ён назваў «наш бліжэйшы саюзнік», а Беларусь - «наш партнёр» у «саюзнай» дзяржаве. У астатнім жа Мядзведзеў прабраў Лукашэнку, як школьніка.

На працягу 20 гадоў пасля развалу Савецкага Саюза Расея аказвала масіўную падтрымку Беларусі. Толькі ў гэтым годзе, як падлічыў крамлёўскі кіраўнік, няўдзячны сусед атрымаў дзякуючы пастаўкам расейскай нафты па льготных коштах прыбытак у памеры добрых 2 мільярдаў даляраў. Такая ж карціна і з газам. І ўсё таму, што Расея нібыта перакананая ў непарыўнасці сувязяў паміж абодвума народамі. Так Мядзведзеў патлумачыў альтруізм Расеі, за якім, вядома ж, праглядаюцца стратэгічныя інтарэсы на мяжы з Польшчай, якая з'яўляецца сябрам НАТА.

І якая ж падзяка? У апошні час беларускія ўлады звяртаюцца да антырасейскай рыторыкі. У адрас Масквы выказваюць праклёны і «істэрычныя» абвінавачванні. Асабліва абразлівым Мядзведзеў лічыць тое, што зараз галоўным ворагам Беларусі абвешчаная менавіта Расея.

Паводле словаў Мядзведзева, выказванні Лукашэнкі выходзяць за межы не толькі дыпламатычных правілаў, але і элементарных чалавечых прыстойнасцяў. Асабліва калі прыгадаць непрыемныя характарыстыкі, якія беларускі кіраўнік даў папярэднікам Мядзведзева Уладзіміру Пуціну і Барысу Ельцыну. У завяршэнне Мядзведзеў у даволі рэзкай форме парэкамендаваў Лукашэнку займацца ўласнымі ўнутранымі праблемамі.

У бліжэйшыя тыдні Масква і Менск будуць актыўна падтрымліваць кантакты адзін з адным, бо 19 снежня кіраўнік збіраецца ў чацвёрты раз заняць прэзідэнцкае крэсла. У адрозненне ад ранейшых псеўдавыбараў, на гэты раз, мабыць, не ўсё пройдзе так гладка. Ды і Масква ўпершыню дала зразумець, што не мела б нічога супраць апазіцыйнага кандыдата. Верагодна, таму супернікі Лукашэнкі з нагоды хуткіх выбараў зачасцілі ў Маскву.

Лукашэнка разгублены і абураны. Бо пад пагрозай аказваецца будучыня яго сыноў. Старэйшаму ў наступным годзе споўніцца 35 гадоў, і ён мог бы заняць вышэйшы кіруючы пост у краіне. Малодшаму ж пакуль усяго шэсць гадоў. Але падчас палітычных перамоў ён ужо сядзіць на каленях у бацькі і ўважліва слухае, што гавораць дарослыя. Да гэтага часу лічылася, што палітычная ўлада ў Беларусі будзе заставацца ў дынастыі беларускага кіраўніка. Зараз жа сітуацыя можа змяніцца.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках