29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бі-бі-сі»: Лукашэнка - банкрут у любым выпадку

40
«Бі-бі-сі»: Лукашэнка - банкрут у любым выпадку

Крэмль паставіў тоўсты крыж на Лукашэнку як на палітыку і чалавеку.

Палітычная лаянка з кіраўніцтвам Расеі зрывае чацвёрты тэрмін прэзідэнцтва Лукашэнкі, упэўненыя аналітыкі.

«Рубікон пяройдзены, зваротнай дарогі няма. І Крэмль паставіў тоўсты крыж на Лукашэнку як на палітыку і чалавеку», - заявіў у інтэрв'ю Рускай службе «Бі-бі-сі» Анатоль Лябедзька, лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Беларусі.

Пазіцыя прэзідэнта Расеі, выкладзеная ў блогу Дзмітрыя Мядзведзева, на думку апазіцыйнага палітыка, пераводзіць адносіны кіраўніцтва Беларусі і Расеі з разраду асабістых і асобасных «нестасовак» у публічную дыскусію пра далейшы лёс дзяржаў-суседзяў.

Язык мой - вораг мой

Хаця Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што не мае намеру адказваць «на ўвесь гэты бруд», што ў апошні час распаўсюджваецца ў яго адрас расейскай прэсай, на прэс-канферэнцыі для сотні расейскіх журналістаў у канцы мінулага тыдня кіраўнік Беларусі дазволіў сабе шэраг раздражнёных рэплік у адрас Крамля і прэзідэнта Мядзведзева.

«Расеяй больш бы займаўся, больш бы толку было», - зрэагаваў Лукашэнка на прагноз пра хуткія ў Беларусі прэзідэнцкія выбары, выказаны Мядзведзевым у Кітаі. Палітыку Крамля па адносінах да «саюзніка» Лукашэнка назваў «неабдуманай» і «бязмозглай».

Своеасаблівую, але нязменна выкрывальна-наступальную трактоўку беларускага кіраўніка атрымалі праблемы саюзнай дзяржавы, мытнага саюза, адносіны да статусу Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, энергетычнай залежнасці ад Расеі.

«Мы не просім у вас грошай. Мы хочам, каб да нас па-чалавечы ставіліся», - заўважыў кіраўнік Беларусі.

Між тым, менавіта набліжэнне выбараў, да якіх Расея не падкідвае, як раней, грашовых крэдытаў і знакаў палітычнай падтрымкі, на думку назіральнікаў, раздражняе Лукашэнку.

«Доўгі час у Расеі лічылі Лукашэнку прарасейска наладжаным кіраўніком. Яшчэ даўжэй абыходзіліся з ім па вядомай формуле: так, сукін сын, але наш сукін сын! Нарэшце ў Крамлі зразумелі, што беларускі «саюзнік» так і не дарос кіраваць дзяржавай. З філасофіяй дробнага жуліка у прыстойнае грамадства не ходзяць», - каментуе сітуацыю першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, адзін з аўтараў Белавежскіх пагадненняў.

Палітык Андрэй Саннікаў, што сёння прэтэндуе скласці канкурэнцыю Лукашэнку на хуткіх выбарах, мяркуе, што публічнай антырасейскай кампаніі беларускі кіраўнік адводзіць ролю «амартызатара» будучых унутраных бедаў.

«Пазначыўшы «ворага», з-за якога вось-вось можа абрынуцца праславутая беларуская стабільнасць, Лукашэнка палохае выбаршчыка і разлічвае пераабрацца на чацвёрты тэрмін як абаронца інтарэсаў народа. Падкарэктаваны вобраз - абаронцы нацыянальнага суверэнітэту, бар'ера на шляху «імперскіх амбіцый Расеі» - ён імкнецца прадаць на Захад», - сцвярджае Саннікаў у інтэрв'ю «Бі-бі-сі».

Апаненты Лукашэнкі мяркуюць, што Крэмль на будучых выбарах не падтрымае нікога з кандыдатаў.

У перадвыбарчых штабах апанентаў Лукашэнкі пасланне ў блогу Дзмітрыя Мядзведзева ацэньваюць адназначна: Расея на хуткіх прэзідэнцкіх выбарах не стане падтрымліваць нікога з кандыдатаў, але да ацэнкі правядзення кампаніі падыдзе з усёй строгасцю.

«Для Лукашэнкі абвастрылася пытанне легітымацыі, прычым не толькі з боку Захаду, але і з боку Расеі, якая адкрытым тэстам кажа, што можа не прызнаць гэтыя выбары», - заўважае палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Цяжкі выбар наменклатуры

Публічны адказ Дзмітрыя Мядзведзева, на думку палітыка Андрэя Саннікава, павінен быць «прачытаны» перш за ўсё беларускай наменклатурай.

«Наменклатуры даюць зразумець: не варта звязваць сваю будучыню з Лукашэнкам. Трэба мяняць уладу, выходзіць на нармальныя ўзаемаадносіны са светам - а з многімі ў свеце Лукашэнка паспеў перасварыцца. Трэба выбудоўваць нармальныя ўзаемаадносіны з Расеяй», - кажа Саннікаў.

Паводле прагнозаў аналітыкаў, нават атрымаўшы чарговую «элегантную перамогу» пры падліку галасоў на выбарчых участках, Лукашэнка вельмі хутка апынецца ў ролі банкрута. «Кошты на расейскія энергарэсурсы, што традыцыйна карэктуюцца ў пачатку года, «угаварыць» не атрымаецца. Лукашэнка гэта ведае і публічна заяўляе: з «ворагамі» не стану дамаўляцца! Народу пры гэтым належыць зразумець: «я не вінаваты», чыноўнікам ужо зразумела, хто апынецца ў гэтай краіне вінаватым», - мяркуе кандыдат эканамічных навук Людміла Гразнова.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках