25 красавiка 2024, Чацвер, 9:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першы канал: «Гаворка нават не аб рэжыме, а аб адным чалавеку» (Відэа)

77

На расейскім ТБ сёння ўвесь дзень паказваюць крытычныя сюжэты пра беларускае кіраўніцтва.

Як перадае «Першы канал», перспектывы расейска-беларускіх адносін - гэтай тэме прысвечаны новы запіс у відэаблогу Дзмітрыя Мядзведзева. У прыватнасці, у звароце Прэзідэнта Расеі гаворка ідзе пра праблемы, якія ў апошні час паўсталі ў Масквы пры спробе наладзіць канструктыўны дыялог з Менскам.

На думку Мядзведзева, Аляксандр Лукашэнка, накіроўваючы ў адрас Расеі і яе кіраўніцтва патокі абвінавачванняў і лаянкі, фактычна спрабуе ўнесці раскол паміж двума братэрскімі народамі.

Адносіны Расеі з іншымі дзяржавамі не ўпершыню становяцца тэмай прэзідэнцкага відэаблогу, але кажучы пра супрацоўніцтва Расеі з Беларуссю, Дзмітрый Мядзведзеў вырашыў звярнуцца і да расейцаў, і да беларусаў - грамадзянаў адзінай Саюзнай дзяржавы.

Дзмітрый Мядзведзеў, Прэзідэнт РФ: «Наша краіна заўсёды ставілася і будзе ставіцца да беларускага народа, як да самага блізкага свайго суседа. Нас аб'ядноўвае шматвекавая гісторыя, сумесная культура, агульныя радасці і агульнае гора».

На працягу апошніх дваццаці гадоў, нагадвае Прэзідэнт, Расея аказвала Беларусі немалую дапамогу. Толькі ў гэтым годзе, дзякуючы льготным пастаўкам расейскай нафты і газу, падтрымка складзе каля чатырох мільярдаў даляраў. На гэтым фоне дзіўна тое, што беларускае кіраўніцтва за некалькі месяцаў да выбараў прэзідэнта рэспублікі ўзяло на ўзбраенне антырасейскую рыторыку.

Дзмітрый Мядзведзеў, Прэзідэнт РФ: «Перадвыбарная кампанія там цалкам і ўвогуле пабудаваная на антырасейскіх сюжэтах. У адрас Расеі і яе кіраўніцтва ідуць патокі абвінавачванняў і лаянкі. На гэтым пабудаваная ўся выбарчая кампанія Лукашэнкі.

Яго турбуе вельмі многае: і навядзенне парадку ў нашых эканамічных адносінах, і зносіны расейскіх сродкаў масавай інфармацыі з беларускай апазіцыяй, і нават лёс некаторых нашых высокапастаўленых пенсіянераў і звольненых чыноўнікаў.

Прэзідэнту Беларусі трэба было б займацца ўнутранымі праблемамі. У тым ліку, нарэшце, расследаваць шматлікія справы аб знікненні людзей. Расеі, як і іншым краінам, гэта не абыякава».

Зрэшты, пошук знешняга ворага - цалкам у стылі беларускага кіраўніцтва. Але калі раней ворагам там называлі Захад, зараз у гэтай ролі спрабуюць прадставіць Расею.

Дзмітрый Мядзведзеў, Прэзідэнт РФ: «Прэзідэнт Лукашэнка ў сваіх выказваннях выходзіць далёка за межы не толькі дыпламатычных правілаў, але і элементарных чалавечых прыстойнасцяў. Зрэшты, гэта таксама не стала для мяне навіной. Я памятаю, як я быў здзіўлены, калі пры нашай першай двухбаковай сустрэчы, замест таго каб засяродзіцца на расейска-беларускім супрацоўніцтве, ён вельмі падрабязна і выключна ў негатыўнай манеры пачаў абмяркоўваць маіх папярэднікаў на пасадзе Прэзідэнта Расеі - Барыса Ельцына і Уладзіміра Пуціна. Мне давялося нагадаць тады калегу, што прадметам нашых перамоў з'яўляюцца зусім іншыя тэмы».

У гэтым жа шэрагу - прызнанне Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Паабяцаўшы зрабіць гэта, Лукашэнка ператварыў гэтае пытанне ў прадмет палітычнага гандлю.

Дзмітрый Мядзведзеў, Прэзідэнт РФ: «Расея не гандлюе сваімі прынцыпамі. Падобныя паводзіны з'яўляецца несумленнымі, партнёры сябе так не паводзяць. І, вядома, мы будзем улічваць гэта пры выбудоўванні адносін з дзеючым прэзідэнтам Беларусі».

Дзеянні беларускіх уладаў пачынаюць нагадваць выхадкі ранейшага кіраўніцтва Украіны, якое таксама абвяшчала Расею адным з галоўных ворагаў. Пры гэтым былі зведзены да мінімуму і эканамічныя кантакты паміж краінамі. Але сувязі ў эканоміцы паміж Расеяй і Беларуссю вельмі шырокія, і ў далейшым будуць толькі развівацца.

Дзмітрый Мядзведзеў, Прэзідэнт РФ: «Хацеў бы прама сказаць: Расея гатовая да развіцця саюзніцкіх адносін з Беларуссю. Больш за тое, хто б ні кіраваў Расеяй і Беларуссю - нашы народы назаўжды застануцца братэрскімі».

Паводле словаў Мядзведзева, адносіны паміж народамі не залежаць ад палітычных ваганняў лідараў, якія жадаюць пасварыць нашыя краіны, і бессэнсоўная паласа напружання ў адносінах з Беларуссю, сказаў Прэзідэнт, абавязкова скончыцца.

Каментары ад расейскіх палітыкаў з Дзярждумы адносна дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі ўжо прагучалі.

Уладзімір Жырыноўскі, намеснік старшыні Дзярждумы РФ: «Беларусы і расейцы - гэта браты, нас не пасвараць. Гаворка ідзе толькі пра рэжым; нават не пра рэжым, пра аднаго чалавека - яго войска ненавідзіць, бізнэсоўцы, апазіцыя, журналісты, усе ненавідзяць».

Палітолагі таксама выказаліся адносна цяперашняй сітуацыі.

Канстанцін Сіманаў, палітолаг: «Лукашэнка паспеў пасварыцца і з нашым прэзідэнтам, і з прэм'ерам. Гэта палітык, які адмаўляецца разумець ролю падтрымкі Расеі для сваёй дзяржавы. Пры гэтым ён выдае з сябе крутога лідара, пры гэтым залазіць у кішэню, клянчыць то танны газ, то нафту, а ў адказ не ўлічвае нашы інтарэсы».

Ігар Бунін, палітолаг: «Беларусь, як вядома, была адной з самых нездаровых дзяржаў Еўропы, апошняя аўтарытарная дзяржава ў Еўропе. І ў гэтай сітуацыі, у агульным, у Лукашэнкі няма асаблівых хаўруснікаў ні ў Еўропе, ні ў Расеі. Тым больш што той шантаж, які ён раней выкарыстоўваў - «калі ледзь што, я адразу перайду ў Заходнюю Еўропу, буду падтрымліваць Еўропу» - ён ужо не працуе. Адносіны псаваліся павольна, але цяпер, я б сказаў, што кропка незвароту прайшла».

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках