4 траўня 2024, Субота, 1:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперты АБСЕ сустрэліся з сябрамі і калегамі журналіста Алега Бябеніна

9
Эксперты АБСЕ сустрэліся з сябрамі і калегамі журналіста Алега Бябеніна

Сябры і калегі Алега Бябеніна не вераць у афіцыйную версію смерці журналіста.

Два эксперты, якія прыбылі ў Менск на некалькі дзён па запрашэнні АБСЕ, сустрэліся 27 кастрычніка з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрыем Бандарэнкам і сябрам Алега Бябеніна Фёдарам Паўлючэнкам.

Пра тое, як прайшла сустрэча, сайту charter97.org распавёў Дзмітрый Бандарэнка.

- Дзмітрый, што цікавіла экспертаў? Якія пытанні задаваліся, і што вы распавялі?

- З запрошанымі АБСЕ экспертамі сустрэліся я і сябра Алега Бябеніна Фёдар Паўлючэнка. Гэта былі прадстаўнікі Швецыі і Нарвегіі. Спачатку эксперты выказалі нам, як сябрам Алега Бябеніна, спачуванні і сказалі, што разумеюць, наколькі вялікае гэта гора. Я ведаю, што акрамя нас яны будуць сустракацца з роднымі Алега і сустракаліся з супрацоўнікамі пракуратуры, якія правяраюць афіцыйную версію пра смерць журналіста - самагубства.

Экспертаў цікавілі падрабязнасці справы Алега, што мы бачылі на месцы здарэння. Яны таксама сказалі, што пасля папярэдняга азнаямлення з дакументамі, прадстаўленымі ім пракуратурай, ведаюць, што мы, калегі журналіста, лічым, што Алег не мог добраахвотна пайсці з жыцця. Мы сапраўды думаем, што гэта было забойства, звязанае з яго журналісцкай і палітычнай дзейнасцю. Я распавёў, што ў Алега не было ніякіх псіхалагічных матываў добраахвотна сыходзіць з жыцця, напярэдадні ён быў у бадзёрым і працоўным стане. Распавёў, што супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія былі на месцы смерці Алега, сцвярджалі, што смерць наступіла 3 верасня прыкладна ў 14.00, што цела яшчэ цёплае і няма трупнага адубення, а судмедэксперт, які рабіў анатаміраванне, сцвярджаў, што смерць наступіла 2 верасня і моцнае пашкоджанне правай нагі звязана з трупным адубеннем.

Я казаў пра тое, што ўлады агучылі версію пра самагубства яшчэ да правядзення анатаміравання і экспертызаў, пра тое, што пагрозы ў адрас Алега і іншых журналістаў сайта charter97.org актыўна паступалі з пачатку гэтага года і працягваюць паступаць да гэтага часу, і ўлады на гэта ніяк не рэагуюць. Смерць Бябеніна наступіла за некалькі дзён да абвяшчэння прэзідэнцкіх выбараў, на якіх адзінай рэальнай альтэрнатывай Лукашэнкі з'яўляецца сябар і паплечнік журналіста Андрэй Саннікаў. Распавёў пра іншыя нестасоўкі ў гэтай справе і пра тое, што пракуратура не жадае праводзіць рэальнае расследаванне па іншых версіях смерці Алега, акрамя афіцыйнай.

- Якое ў вас склалася ўражанне: ці маюць намер гэтыя эксперты правесці аб'ектыўнае расследаванне?

- Я ведаю, што эксперты з'едуць ужо ў пятніцу. На мой погляд, занадта мала часу для падрабязнага вывучэння гэтай справы. Мне хочацца верыць у лепшае ў людзях. Эксперты вельмі ўважліва выслухалі нас, задавалі дэталёвыя пытанні. Натуральна, больш мы казалі, а яны слухалі. Гутарка ішла пры дапамозе перакладчыка, які суправаджаў экспертаў, а таксама ў прысутнасці нашага перакладчыка. І я магу сцвярджаць, што пераклад быў на высокім узроўні.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках