Velcom незадаволены ўмовамі тэндэру на пропуск знешняга інтэрнэт-трафіку
13- 28.10.2010, 9:44
Аператар Velcom азнаёміўся з дакументамі і паведаміў аб адсутнасці цікавасці ў кампаніі да тэндэру на пропуск міжнароднага інтэрнэт-трафіку.
Пра гэта паведаміў TUT.by галоўны выканаўчы дырэктар SB Telecom Ltd. па пытаннях ЗП «Вэлком» Гельмут Дуз.
Дуз падкрэсліў, што «Кампанія Velcom, маючы 11 гадовы вопыт паспяховай дзейнасці на тэлекамунікацыйным рынку Рэспублікі Беларусь, а таксама з'яўляючыся паўнапраўным чальцом Telekom Austria Group, як з тэхналагічнага, так і з арганізацыйнага пунктаў гледжання найлепшым чынам падрыхтаваная да канкурэнцыі з дзяржаўнай манаполіяй на рынку паслугаў міжнароднай сувязі і здольная адпавядаць самым высокім патрабаванням, што прад'яўляюцца да стандартаў якасці і надзейнасці».
Аднак пры гэтым Г. Дуз не лічыць гэты конкурс цікавым для Velcom:
«Да нашага жалю, сам прадмет тэндэру, а таксама яго камерцыйныя ўмовы, якія сталі вядомыя 26 кастрычніка, не дазваляюць казаць пра зацікаўленасць ЗП «Вэлком» ва ўдзеле ў гэтым тэндэры», - адзначыў ён.
Кіраўнік Velcom не паведаміў дэталі аб камерцыйных умовах тэндэру.