Дыктатар дарма спадзяецца на Кітай
28- 28.10.2010, 10:22
КНР не стане выступаць у ролі спонсара Беларусі толькі на падставе міфічнай «ідэйнай блізкасці».
Накіроўваць у Беларусь свой капітал кітайскі бок будзе толькі ў той меры, у якой гэта адпавядае яе інтарэсам, кажа эканаміст Аляксандр Ціхаміраў на сайце БелаПАН.
Хоць беларускі бок паўтарае пра стратэгічнае партнёрства, Пекін выбудоўвае стасункі з Менскам толькі ў той меры, у якой гэта адпавядае палітычным і эканамічным інтарэсам Кітая.
Развіццё стасункаў з КНР увайшло ў лік ключавых прыярытэтаў знешняй палітыкі Беларусі практычна адразу ж, як толькі яна выйшла на міжнародную арэну ў якасці незалежнай дзяржавы. Дастаткова хутка - 20 студзеня 1992 года - Беларусь і Кітай ўстанавілі дыпламатычныя стасункі.
У 1992 і 1993 гадах адбыліся візіты ў Кітай кіраўнікоў урада і парламента Рэспублікі Беларусь. Высокая інтэнсіўнасць дыялогу ў палітычнай сферы захавалася і пасля абрання на пасаду прэзідэнта ў 1994 годзе Аляксандра Лукашэнкі.
Ён наведаў КНР у 1995, 1997, 2001, 2005 гадах. Кітайскія кіраўнікі таксама наведвалі Беларусь, хоць не гэтак актыўна: у 1995 годзе ў Беларусі пабываў кіраўнік урада КНР Лі Пэн, у 2000 годзе - намеснік старшыні КНР Ху Цзіньтао, у 2001 годзе - старшыня КНР Цзян Цзэмінь.
Адсутнасць праблемаў у стасунках з кітайскімі партнёрамі падвышала самаацэнку беларускага кіраўніцтва і спараджала ў яго ілюзію вялікай значнасці для Кітая. У 1997 годзе Аляксандр Лукашэнка нават заявіў пра магчымасць ўзнікнення восі «Пекін - Масква - Менск». Стрыманая рэакцыя афіцыйнага Пекіна на гэтую заяву прымусіла беларускае кіраўніцтва злёгку прыцішыць пафас, але заявы аб стратэгічным характары беларуска-кітайскага партнёрства неаднаразова гучалі з яго вуснаў і ў наступныя гады.
Не стаў выключэннем у гэтым дачыненні і цяперашні год. У сакавіку адбыўся візіт у Беларусь намесніка старшыні КНР Сі Цзіньпіна. У Менску ў чарговы раз прагучалі словы аб сумесным руху па шляху ўмацавання стратэгічнага партнёрства. У траўні Беларусь наведаў галоўны аўдытар кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення Кітая Сунь Баахоў, а ў КНР пабываў міністр абароны Беларусі Юры Жадобін.
Дыялог на вышэйшым дзяржаўным узроўні быў працягнуты падчас нядаўняга наведвання Кітая беларускім кіраўніком. Без ўсялякіх сумневаў, гэты візіт стаў часткай піяр-кампаніі Аляксандра Лукашэнкі, закліканай засведчыць поспехі знешняй палітыкі і прадэманстраваць нязломную волю беларускага кіраўніцтва ва ўмовах ускладнення стасункаў з Расеяй і захавання цяжкасцяў у стасунках з ЕЗ і ЗША.
Сустрэчы з кітайскімі кіраўнікамі, у тым ліку старшынём КНР Ху Цзіньтаа, напярэдадні новых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі інтэрпрэтуюцца як палітычная падтрымка з боку аднаго з найважнейшых гульцоў на сучаснай сусветнай сцэне.
Знешне справа выглядае так, што добрыя стасункі паміж афіцыйным Менскам і Пекінам падмацоўваюцца поспехамі ў развіцці супрацоўніцтва ў галіне эканомікі. Аднак складваецца ўражанне, што больш выгады атрымлівае кітайскі бок.
Кітай атрымлівае палітычную падтрымку з боку Беларусі па праблемах, якія хвалююць яго (перш за ўсё праблеме тэрытарыяльнай цэласнасці), але не прымае на сябе якіх-небудзь канкрэтных сустрэчных абавязацельстваў. Ён сапраўды не ўмешваецца ва ўнутрыпалітычныя справы беларускай дзяржавы, але спробы беларускага кіраўніцтва падключыць КНР да рэалізацыі маштабных геапалітычных праектаў не скончыліся поспехам.
Пытанне аб магчымасці заключэння ваеннага саюза з удзелам Беларусі і Кітая нават не разглядаецца з прычыны поўнай бесперспектыўнасці. Больш за тое, беларуская дыпламатыя не змагла заручыцца адчувальнай падтрымкай з боку афіцыйнага Пекіна ў пытанні аб здабыцці сяброўства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, створанай у пачатку 2000-х гадоў. У 2009 годзе Рэспубліка Беларусь атрымала толькі статус «партнёра па дыялогу» ШАС.
Пазіцыю неўмяшання выбраў Кітай і ва ўмовах росту напружанасці ў беларуска-расейскіх стасунках. У канцы верасня гэтага года ў Кітаі вельмі цёпла прынялі расейскага прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева, і менавіта там ён рэзанансна пажартаваў, што не чакае ад беларускіх прэзідэнцкіх выбараў нічога добрага.
Неадназначнымі выглядаюць і вынікі супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў эканамічнай сферы. Значны аб'ём таваразвароту забяспечваецца перш за ўсё за кошт павелічэння імпарту з Кітая ў Беларусь. Беларускі экспарт у Кітай захоўвае пераважна сыравіны характар, паколькі звязаны з пастаўкамі калійных угнаенняў.
Фінансавыя сродкі, якія даюцца кітайскім бокам, часцяком ўвязваюцца з абавязальніцтвамі беларускага боку набываць менавіта кітайскае абсталяванне, камплектуючыя і г.д. Пры гэтым якасць кітайскага абсталявання не заўсёды адпавядае высокім стандартам.
У прыватнасці, у ліпені бягучага года кіраўнік беларускага ўрада выказаў незадаволенасць якасцю абсталявання для цэментавых заводаў, якія паступілі з Кітая. Сітуацыю атрымалася выправіць, але сам факт ўзнікнення праблемы паказвае, што адных бізнес-дамоўленасцяў у стасунках з Кітаем недастаткова і кантакты з гэтай краінай неабходна выбудоўваць па прынцыпе «давярай, але правярай».
Што датычыць надзеяў на кітайскі шматмільярдны «залаты дождж», які, маўляў пральецца на Беларусь, дык яны таксама выглядаюць не надта абгрунтаванымі. У Кітая занадта шмат уласных праблемаў, частка з якіх спароджаная наступствамі сусветнага фінансавага і эканамічнага крызісу, а таксама цяжкасцямі росту кітайскай эканомікі і трансфармацыі кітайскага грамадства.
Можна зрабіць выснову, што КНР не стане выступаць у ролі спонсара Беларусі толькі на падставе міфічнай «ідэйнай блізкасці». Накіроўваць у Беларусь свой капітал кітайскі бок будзе толькі ў той меры, у якой гэта адпавядае яго інтарэсам.