Кэтрын Эштан абмеркавала c кіраўніком МЗС Украіны сітуацыю ў Беларусі
2- 28.10.2010, 11:22
У прыватнасці, абмяркоўвалася сітуацыя ў краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня.
Еўразвяз імкнецца, каб перамовы па дамове аб асацыяцыі з Украінай і стварэнні з ёй зоны свабоднага гандлю прасунуліся наперад. Пра гэта заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешніх сувязях і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.
Сваю заяву прадстаўнік ЕЗ зрабіла па выніках сустрэчы 26 кастрычніка ў Брусэлі з міністрам замежных справаў Украіны Канстанцінам Грышчанкам. Еўразвяз таксама імкнецца да прагрэсу ў дыялогу па лібералізацыі візавага рэжыму, адзначыла Эштан.
«Украіна з'яўляецца еўрапейскай краінай. Нашыя стасункі вельмі важныя, і мы хочам паглыбляць і развіваць іх», - цытуе Эштан інфацэнтр Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства (ENPI).
Грышчанка паведаміў, што на сустрэчы быў разгледжаны шырокі спектр пытанняў у святле саміту Украіна - ЕЗ, які мае адбыцца, запланаванага на 22 лістапада, паведамляе БелаПАН.
Сярод гэтых пытанняў - правядзенне канстытуцыйнай рэформы, якую Эштан назвала адным з ключавых прыярытэтаў для Украіны:
«Мы спадзяемся, што яна будзе ажыццяўляцца падчас усеабдымнага працэсу з мэтай усталявання трывалай сістэмы стрымлівання і супрацьвагаў, згодна з еўрапейскім стандартам», - падкрэсліла прадстаўнік ЕЗ.
Кэтрын Эштан таксама паведаміла, што абмянялася з украінскім калегам думкамі па пытаннях стасункаў з Расеяй, «якая з'яўляецца стратэгічным партнёрам для абодвух бакоў», а таксама адносна сітуацыі ў Прыднястроўі і Беларусі.
«Мы разгледзелі сітуацыю ў Беларусі, якая рыхтуецца да выбараў 19 снежня. Правядзенне гэтых выбараў - будзе вельмі важным для нашых стасункаў», - адзначыла Эштан.