23 снежня 2024, панядзелак, 13:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мядзведзеў запатрабаваў ад Лукашэнкі расследаваць знікненні людзей у Беларусі (Відэа)

314
Мядзведзеў запатрабаваў ад Лукашэнкі расследаваць знікненні людзей у Беларусі (Відэа)

У звароце да беларусаў прэзідэнт РФ заявіў, што бессэнсоўная паласа напружання ў стасунках з Беларуссю абавязкова скончыцца.

Сенсацыйны відэазварот зрабіў Дзмітры Мядзведзеў у сваім блогу.

Прыводзім тэкст звароту цалкам:

Бессэнсоўная паласа напружання ў стасунках з Беларуссю абавязкова скончыцца

Дз.МЯДЗВЕДЗЕЎ: Стасункі Расеі з іншымі краінамі ўжо неаднаразова станавіліся тэмай майго відэаблога. Я распавядаў вам і пра тое, як складаецца нашае супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі, тлумачыў, чаму лічу важным удзел нашай краіны ў сустрэчах «дваццаткі» вядучых эканомікаў свету. У адзін з, можа быць, самых драматычных момантаў у стасунках з Украінай, улетку мінулага года, я падзяліўся з вамі сваімі меркаваннямі пра тое, чаму вычарпалі сябе спробы наладзіць дыялог з Прэзідэнтам Юшчанкам.

Сёння я хачу пагаварыць пра тое, што адбываецца ў стасунках з самым блізкім нам саюзнікам – з Беларуссю. Пагаварыць і з расейцамі, і з беларусамі. Бо ўсе мы – грамадзяне Саюзнай дзяржавы.

Паводле майго глыбокага пераканання, нашая краіна заўсёды ставілася і будзе ставіцца да беларускага народа як да самага блізкага свайго суседа. Нас аб'ядноўвае шматвяковая гісторыя, сумесная культура, агульныя радасці і агульнае гора. Мы заўсёды будзем памятаць, што нашыя народы – а мне ўвесь час хочацца сказаць: наш адзіны народ – панеслі велізарныя страты падчас Вялікай Айчыннай вайны. Разам мы прайшлі і праз страшныя нягоды калектывізацыі, голаду, рэпрэсіяў.

Зараз Расея і Беларусь з'яўляюцца партнёрамі ў Саюзнай дзяржаве. І абедзве нашыя краіны таксама актыўна ўдзельнічаюць у стварэнні мытнага саюза, у развіцці ЕўрАзЭС, АДКБ, Садружнасці Незалежных Дзяржаваў. Мы маем намер у поўнай меры пашыраць сваё супрацоўніцтва з Беларуссю ў межах гэтых арганізацыяў. І будзем, вядома, настойліва ўкараняць сучасныя формы эканамічнага ўзаемадзеяння, прычым у поўнай адпаведнасці з сусветнай практыкай стасункаў паміж такімі блізкімі саюзнікамі, якімі з'яўляюцца нашыя краіны.

Зыходзячы менавіта з гэтага мы заўсёды дапамагалі беларускаму народу. Па сутнасці, з моманту распаду Савецкага Саюза, а гэта амаль 20 гадоў, аб'ёмы гэтай падтрымкі, што б там ні казалі, велізарныя. Толькі сёлета за кошт ільготных паставак нафты нашая дапамога Беларусі склала амаль два мільярды даляраў. Супастаўныя датацыі вылучаюцца і ў межах паставак у Беларусь расейскага газу. Робім мы ўсё гэта, таму што перакананыя: нашыя народы звязаныя непарыўна.

Таму асабліва дзіўна, што ў апошні час кіраўніцтва Беларусі прыняло на ўзбраенне антырасейскую рыторыку. Перадвыбарчая кампанія там цалкам і поўнасцю пабудаваная на антырасейскіх сюжэтах, на істэрычных абвінавачваннях Расеі ў нежаданні падтрымліваць беларусаў і беларускую эканоміку, праклёнах у адрас расейскага кіраўніцтва. За ўсім гэтым відаць выразнае жаданне пасварыць дзяржавы і, адпаведна, народы.

Імкненне сфармаваць у грамадскай свядомасці вобраз знешняга ворага заўсёды адрознівала беларускае кіраўніцтва. Толькі раней у гэтай ролі выступалі Амерыка, Еўропа, Захад у цэлым. Зараз адным з галоўных ворагаў абвешчаная Расея.

Прэзідэнт Лукашэнка ў сваіх выказваннях выходзіць далёка за межы не толькі дыпламатычных правілаў, але і элементарнай чалавечай прыстойнасці. Зрэшты, гэта таксама не стала для мяне навінай. Я памятаю, як я быў здзіўлены, калі пры нашай першай двухбаковай сустрэчы, замест таго каб засяродзіцца на расейска-беларускім супрацоўніцтве, ён вельмі падрабязна і выключна ў негатыўнай манеры ўзяўся абмяркоўваць маіх папярэднікаў на пасадзе Прэзідэнта Расеі – Барыса Ельцына і Уладзіміра Пуціна. Мне прыйшлося нагадаць тады калегу, што прадметам нашых перамоваў з'яўляюцца зусім іншыя тэмы.

Такое своеасаблівае разуменне партнёрскіх стасункаў Лукашэнка прадэманстраваў і ў пытанні прызнання Беларуссю Паўднёвай Асеціі і Абхазіі ў якасці самастойных удзельнікаў міжнароднай супольнасці. Я неаднаразова казаў: прызнаваць ці не прызнаваць дзве гэтыя новыя дзяржавы – суверэннае права кожнай краіны. І мы ніколі ні на каго не аказвалі ціску ў гэтым пытанні. Хаця для нас гэта неабыякава.

Пры гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў пра гатоўнасць зрабіць гэта ў прысутнасці сваіх калегаў, пяці прэзідэнтаў. Ёсць адпаведны запіс, калі ўжо шчыра казаць, – засталася ў пратаколе паседжання АДКБ. Затым гэтае пытанне ператварылася ў пастаянны аб'ект палітычнага гандлю.

Але Расея не гандлюе сваімі прынцыпамі. Падобныя паводзіны з'яўляюцца ганебным, і партнёры сябе так не паводзяць. І, вядома, мы будзем улічваць гэта пры выбудоўванні стасункаў з дзеючым Прэзідэнтам Беларусі.

Затое ў адрас Расеі і яе кіраўніцтва ідуць плыні абвінавачванняў і лаянкі. На гэтым пабудаваная ўся выбарчая кампанія Лукашэнкі. Яго турбуе вельмі шмат што: і навядзенне парадку ў нашых эканамічных стасунках, і зносіны расейскіх сродкаў масавай інфармацыі з беларускай апазіцыяй, і нават лёс некаторых нашых высокапастаўленых пенсіянераў і звольненых чыноўнікаў.

Прэзідэнту Беларусі трэба было б займацца ўнутранымі праблемамі. У тым ліку, нарэшце, расследаваць шматлікія справы пра знікненне людзей. Расеі, як і іншым краінам, гэта не абыякава.

Вядома, не гэта вызначае адносіны паміж народамі і асобнымі людзьмі. У гэтым я ўпэўнены як Прэзідэнт Расейскай Федэрацыі. Я таксама ўпэўнены, што гэтая бессэнсоўная паласа напружання абавязкова скончыцца.

Хацеў бы наўпрост сказаць: Расея гатовая да развіцця саюзніцкіх стасункаў з Беларуссю. Больш за тое, хто б ні кіраваў Расеяй і Беларуссю – нашыя народы назаўжды застануцца братэрскімі. Мы хочам, каб нашыя грамадзяне жылі не ў страху, а ў атмасферы свабоды, дэмакратыі і справядлівасці. І мы гатовыя ісці гэтым шляхам разам з нашымі беларускімі сябрамі.

Напісаць каментар 314

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках