3 траўня 2024, Пятніца, 14:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтара скандальнага роліка пра бабулін пашпарт звольнілі з БТ (Відэа)

103

Пасля прэм'еры ў інтэрнэце яго відэа супрацоўніка Белтэлерадыёкампаніі выклікалі да кіраўніцтва і папрасілі напісаць заяву пра звальненне «па ўласным жаданні»

Ролік «Бабуля-2010» з'явіўся ў інтэрнэце 8 лістапада і выклікаў велізарную цікавасць — за першы дзень яго паглядзелі 23 тысячы гледачоў. Відэа адразу ж назвалі «цвёрдай антылукашэнкаўскай прапагандай» і адзначылі тое, што знята яно якасна. І праўда, рабіў яго прафесіянал — інжынер відэамантажу Белтэлерадыёкампаніі, студэнт-завочнік Акадэміі мастацтваў Яўген Шапчыц. Бюджэт у гэтай працы быў нулявы, відэакамера была пазычана ў знаёмых, а ўсе акцёры пагадзіліся сыграць без ганарару. Калі колькасць праглядаў набліжалася да 30 000, відэа нечакана стала недаступным. Адміністрацыя Youtube змясціла тлумачэнне, што «ролік мае непрымальны змест». Самога ж рэжысёра праз некалькі дзён пасля «прэм'еры» выклікалі да кіраўніцтва і папрасілі звольніцца. Пасля гэтага аўтар вырашыў не захоўваць больш ананімнасць.

Першае эксклюзіўнае інтэрв'ю малады рэжысёр Яўген Шапчыц даў сайту udf.by.

— Яўген, для чаго ты зняў «Бабулю»?

— Гэта была мая першая ўласная ластаўка свабоды. Я хацеў праверыць сістэму на свабоднасць, але сістэма адказала на мой запыт традыцыйна. Кулінковіч праўду казаў: ва ўладаў дрэннае пачуццё гумару.

— Гэта значыць, ты свядома пайшоў на тое, каб зрабіць правакацыйны ролік?

— Свядома. Гэта мая аўтарская праца. Гэта мой выдуманы паралельны свет, у якім я хацеў зрабіць свайго кандыдата крышачку лепшым. Паглядзіце, у яго такія ж валасы, як у Джымі Хендрыкса. А з іншага боку, у маім сусвеце бабулькам жывецца нядрэнна, мяркуючы па інтэр'еры кватэры, у гэтым сусвеце зборнікаў подпісаў не пускаюць на парог кватэраў, таму яны вымушаныя спраўляць натуральную патрэбу ў ліфтах. Людзі, якія выконвалі ролі ў маім мінікіно, проста дапамагалі мне ўвасобіць мой сусвет, таму і пакаралі толькі мяне, як аўтара. А да акцёраў, да шчасця, не чапляюцца.

— А чаму ты абраў такі тэхнічна складаны шлях паказаць сваю свабоду мыслення?

— Гэта мая першая курсавая праца ў Акадэміі мастацтваў — там далі заданне зняць сацыяльную рэкламу. Вось я зняў. Вострасацыяльную рэкламу. Дарэчы, абарона курсавой работы яшчэ пройдзе ў сакавіку 2011 года.

— Сам ты застаўся задаволены вынікам працы?

— Вельмі задаволены, бо за першы дзень ролік паглядзелі 23 000 чалавек. У «Масакры» не было такой аўдыторыі ў дзень прэм'еры. І рэакцыяй задаволены, гэта добра, што водгукі былі дыяметральна процілеглыя — ад захаплення да поўнага непрымання.

— А як ты ўспрыняў навіну, што ролік прыкрылі на Youtube?

— Не зразумеў, як такое магло адбыцца. Хоць чыста фармальна гэта магло выглядаць так: некалькі зацікаўленых групаў паскардзіліся на ролік (там ёсць такая функцыя) і адміністрацыя рэсурсу адключыла відэа, не разбіраючыся што да чаго. Але ролікі-дублёры разышліся і да гэтага часу вісяць на Youtube. Афіцыйны варыянт цяпер на Vimeo.

— Як на працы паставіліся да твайго сыходу?

— Асаблівага сакрэту з таго, што гэта я зняў ролік, не рабіў. Большасць калегаў шкадавалі, нават мой начальнік, які папрасіў напісаць заяву па ўласным жаданні.

— Ці плануеш прасоўваць далей сваё відэа ці можа нават зняць працяг?

— Яшчэ да таго, як выкласці ў інтэрнэт, я адаслаў заяўку на ўдзел у фэсце кароткаметражных фільмаў у Беластоку. Але там «Бабулю» не прынялі. Магчыма, бракуе яшчэ рабоце мастацкай каштоўнасці ці правакацыйнасці. А працяг яе могуць зрабіць паслядоўнікі, калі яны з'явяцца. Сам жадаю ўзяцца за што-небудзь новае.

— Ці вырашыў пытанне з новым месцам працы?

— Пакуль я фрылансёр. З задавальненнем папрацаваў бы на «Беларусьфільме». Разумею, вядома, што цяпер у дзяржаўных установах мяне могуць не прыняць. З іншага боку, гэта будзе другі тэст на свабоднасць сістэмы.

Напісаць каментар 103

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках