25 красавiка 2024, Чацвер, 10:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Па ўзроўні «мабільнай тэлефанізацыі» Беларусь адстае ад ЕЗ на 6 гадоў

Кампанія «Фактум Бел» правяла даследаванне карыстальнікаў мабільнай сувязі Беларусі.

Вынікі паказалі, што 79% насельніцтва карыстаецца мабільнай сувяззю на асабістым тэлефоне і 5% на службовым. Пра гэта сёння піша Marketing.by.

Каментуючы вынікі, дырэктар RAIT па маркетынгавых даследаваннях у Беларусі Ларэта Паўлаўскайтэ заўважыла: «Падобны сярэдні ўзровень пранікнення мабільнай сувязі ў краінах Еўрапейскага звяза быў у канцы 2004 года».

У межах даследавання жыхарам задавалася пытанне і пра тое, паслугамі якога аператара яны карыстаюцца. Сярод карыстальнікаў асабістых тэлефонаў лідэрам з'яўляецца МТС (яго паслугамі карыстаецца 64%), а на другім месцы — аператар velcom (46%). Сярод карыстальнікаў службовых тэлефонаў, наадварот, лідэрам з'яўляецца velcom (eго паслугамі карыстаецца 62%), а на другім месцы — МТС (40%). Аператар life:) у абодвух сегментах займае трэцяе месца: eго паслугамі карыстаецца толькі 6% на асабістым тэлефоне і 5% на службовым.

Ларэта Паўлаўскайтэ таксама звярнула ўвагу, што ўсе тры згаданыя аператары адрозніваюцца і па профілі сваіх карыстальнікаў. Кліенты МТС даволі роўна размяркоўваюцца па ўсіх сацыядэмаграфічных катэгорыях, акрамя месца пражывання. Паслугамі гэтага аператара карыстаюцца больш у сельскіх населеных пунктах і ў абласцях Віцебска, Гародні і Берасця. Паслугамі velcom часцей карыстаюцца людзі, якія маюць вышэйшую адукацыю, з прыбыткам звыш за 1 млн. беларускіх рублёў, кіраўнікі ці ўладальнікі прадпрыемстваў, жыхары Менска, абласных цэнтраў і абласцей Гомеля і Магілёва. Аператар life:) больш папулярны сярод моладзі 15—24 гадоў, навучэнцаў і студэнтаў, нежанатых і незамужніх і таксама з матэрыяльным становішчам нізкага ўзроўню.

Акрамя таго, кампанія «Фактум Бел» аналізавала, якімі паслугамі мабільнай сувязі карыстаецца насельніцтва Беларусі. Паводле вынікаў даследавання, галасавымі паслугамі карыстаюцца ўсе кліенты аператараў мабільнай сувязі, разам з тым SMS — 73%, відэа- ці фотакамерамі ў мабільных тэлефонах — 42%, праслухоўваннем музыкі — 37%, гульнямі — 31%. Радзей за ўсё выкарыстоўваюцца паслугі аплаты SMS-паведамленнямі (5%), эл. пошта (5%) і GPS-навігацыя (3%). Кліенты life:) нашмат часцей за іншых карыстаюцца ўсімі вышэйзгаданымі паслугамі, акрамя аплаты SMS-паведамленнямі і GPS-навігацыі.

Па выніках даследавання «Фактум Бел», самая папулярная марка мабільных тэлефонаў (як асабістых (39%), так і службовых (44%)) — Nokia. На другім месцы ў абодвух сегментах — Samsung, адпаведна 27% і 19%. Тут таксама адрозніваюцца кліенты life:) — яны радзей, чым іншыя, карыстаюцца Nokia і Samsung, а часцей — Sony Ericsson, Siemens і Motorola.

Даследаванне праводзілася з выкарыстаннем Omnibus-метаду. Метад апытання — асабістае інтэрв'ю рэспандэнтаў ва ўзросце 15—74 гадоў па месцы жыхарства. Аб'ём выбаркі — 1500 рэспандэнтаў. Дадзеныя рэпрэзентуюць насельніцтва РБ па ўсіх базавых прыкметах (пол, узрост, адукацыя, месца жыхарства).

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках