Івонка Сурвіла: «Для Беларусі словы Грэцкі прынеслі больш за любы медаль»
3- 15.02.2010, 18:05
Дзякуючы канадскаму хакеісту Уэйну Грэцкі мільёны людзей пачулі пра Беларусь, лічыць старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
На адкрыцці зімовай Алімпіяды-2010 у Ванкуверы вялікаму канадскому хакеісту Уэйну Грэцкі было даверана запаліць алімпійскі агонь. У інтэрв'ю «Радыё Свабода» старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла распавяла, што дзякуючы Грэцкі пра Беларусь даведаліся мільёны людзей з усяго свету, якія глядзелі ў гэты дзень адкрыццё Алімпіяды.
«Хачу падзяліцца сваёй найбольшай радасцю ад першага дня Алімпіяды ў Ванкуверы. Лепшы канадскі хакеіст Уэйн Грэцкі быў запрошаны запаліць алімпійскі агонь. Дзяды Грэцкі прыехалі ў Канаду з Беларусі.
Выпадкова ўключыла тэлевізар, і бачу - Грэцкі дае інтэрв'ю канадскаму журналісту. У канцы журналіст пытаецца, ці не сумуе Грэцкі па часах, калі ён выходзіў на лёд. Часам шкадую, сказаў Грэцкі, але цяперашняе маё жыццё мае шмат прыемных момантаў.
І адной з сваіх радасцяў Грэцкі назваў падарожжа ў Беларусь! Гэта чулі мільёны людзей у Канадзе і свеце. Для Беларусі, словы Грэцкі, магчыма, прынеслі больш за любы медаль...», - сказала Івонка Сурвіла.
Нагадаем, што продкі Уэйна Грэцкі заўсёды жылі ў Беларусі, і уехалі ў Канаду только ў пачатку 20 века.