На «Менскую лыжню» з літрам соку не прапусцяць
21- 19.02.2010, 10:55
Падчас зімовай Алімпіяды ў Ванкуверы беларускія ўлады праводзяць сваю «Менскую лыжню-2010».
«Менская лыжня-2010» пройдзе 20 лютага ў Раўбічах, паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси». Падчас яе правядзення гледачам не дазволяць прыходзіць са спіртнымі напоямі, а таксама з пакетаванымі напоямі. Нават са звычайнымі сокамі.
«Мерапрыемства распачнецца ў 10.00, але мы просім усіх прыехаць за дзве гадзіны да пачатку, каб паспець прайсці ўсталяваныя металадэтэктары. Тым больш што з 9 раніцы пачнуць выступаць артысты, будуць праводзіцца конкурсы. Натуральна, што прыносіць з сабой піва і спіртныя напоі забаронена, алкаголь таксама не будзе прадавацца на свяце. Выключэнне - напой у празрыстай бутэльцы ёмістасцю 0,5 л. Яго без праблемаў можна будзе пранесці з сабой на мерапрыемства, - распавёў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Менскага аблвыканкама Віктар Кулявец. - Хочацца нагадаць, што пад забарону падпадаюць усе колючыя і рэжучыя прадметы. Напрыклад, пілачкі, нажніцы, нажы. Асаблівая ўвага будзе нададзеная прафесійным фотаапаратам і відэакамерам. Іх нельга будзе пранесці з сабой, а вось аматарскія - можна».
І на кантрольна-прапускных пунктах, і на самой лыжні будуць працаваць камеры назірання супрацоўнікаў міліцыі. Каб пазбегчы праблемаў праваахоўныя органы не раяць браць з сабой грувасткія торбы і пакеты. Камеры захоўвання будуць працаваць, але наўрад ці іх на ўсіх хопіць.