Прызыўніку адмовілі ў праве на беларускую мову ў арміі
3- 12.03.2010, 9:37
Пракуратура Савецкага раёна Гомеля не бачыць падставаў для зносінаў ваенкамата з прызыўніком Яўгенам Якавенкам толькі на беларускай мове.
Такі адказ Яўген Якавенка, які з'яўляецца каардынатарам аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», атрымаў з пракуратуры на сваю скаргу аб тым, што ваенкамат парушае яго канстытуцыйнае права мець зносіны на роднай мове, перадае БелаПАН.
Прызыўнік прасіў пракуратуру абавязаць ваенкамат рэалізаваць яго права на вядзенне дакументацыі на беларускай мове. У адказе пракуратуры кажацца, што грамадзянам Беларусі гарантуецца права карыстацца іх нацыянальнай мовай, а таксама права звяртацца ў дзяржаўныя органы, установы, арганізацыі на беларускай, расейскай ці іншай прымальнай для бакоў мове. «Рашэнне па сутнасці звароту афармляецца на беларускай ці рускай мове. Падставаў для вядзення з вамі стасункаў толькі на беларускай мове няма», — заявіла пракуратура.
На думку актывіста, закон аб мовах абавязвае дзяржслужачых валодаць беларускай мовай. Якавенка паведаміў, што звяртаўся ў суд Савецкага раёна з просьбай прыцягнуць да адказнасці працаўнікоў ваенкамата за перашкоды ў выкарыстанні роднай мовы, якія чыняцца імі. Суд адказаў, што пытанне аб прыцягненні да адказнасці працаўнікоў ваенкамата на падставах, пазначаных у звароце, ён не вырашае, і прапанаваў па гэтым пытанні звярнуцца ў абласны ваенкамат. «Пазіцыя ж абласнога ваенкамата не адрозніваецца ад гарадскога — замкнёнае кола атрымліваецца», — лічыць Якавенка.
Ён паведаміў, што яго выклікаюць у АУС Цэнтральнага раёна як падазраванага па нейкай справе. «Мяне выклікаюць у міліцыю менавіта ў той дзень, калі ў абласным судзе павінен прайсці разгляд маёй касацыйнай скаргі на рашэнне суду Савецкага раёна аб штрафе нібыта за нез'яўленне ў ваенкамат па позве», — адзначыў актывіст.
Слуханне касацыйнай скаргі пройдзе 12 сакавіка.