26 красавiка 2024, Пятніца, 7:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску праз 10 гадоў адкрылася выстава Наталлі Залознай (Фота)

3

Адкрыццё выставы жывапісу Наталлі Залознай «Свабодны палёт» адбылося 2 сакавіка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

У Беларусі мастачка, якая жыве цяпер у Бельгіі, не мела персанальных выставаў каля 10 гадоў.

Наталля Залозная нарадзілася ў Менску ў 1960 годзе, а цяпер жыве і працуе ў Брусэлі. Яе персанальныя выставы праходзілі ў Галандыі, Англіі, Францыі, ЗША, Расеі і Аўстрыі. Працы мастачкі знаходзяцца ў калекцыях Трэццякоўскай галерэі і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

«Яна нарадзілася ў Беларусі, пасля з'ехала ў Бельгію – і здолела з лёгкасцю стаць прыкметнай постаццю ў арт-свеце сучаснай Еўропы, – адзначала арт-крытык Нана Эрыставі. -- Адзінства месца, часу і дзеяння, – класіцыстычная канва, на якой Залозная, заўсёды верная эстэтычным традыцыям бездакорна еўрапейскага «неасімвалізма», зноў і зноў тчэ свае найтанчэйшыя маляўнічыя арнаменты, з іх мудрагелістай гульнёй святлацені і нечаканым кампазіцыйным і сэнсавым шэрагам… Тэхніка яе, тонкая і незвычайная, не можа не звярнуць на сябе ўвагі».

І вось, нарэшце, упершыню за амаль 10 гадоў Наталля Залозная прэзэнтавала сваю персанальную выставу ў Беларусі. На прэзентацыі сабраліся знаўцы мастацтва, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і журналісты.

Як адзначыў народны мастак Беларусі Май Данцыг, настаўнік Наталлі Залозной, які прыйшоў на выставу, мастачка з'яўляецца гонарам Беларускай акадэміі мастацтваў.

– Я шчаслівы, што яна вучылася ў нас, я шчаслівы, што яна годна працягвае лінію выдатнага мастака – свайго бацькі, – сказаў ён. – Гэта цудоўна, калі нашыя вучні, нашыя мастакі вяртаюцца да нас з выставамі і дэманструюць свае дасягненні ў сусветным мастацтве.

Выстава Наталлі Залозной «Свабодны палёт» працягнецца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва да 14 сакавіка.

Наталля Залозная са сваёй сястрой – старшынёй «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Жанай Літвіной

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках