Міліцыя адмаўляецца расследаваць выкраданні апазіцыянераў
1- 9.03.2010, 9:59
Крымінальная справа па факце выкрадання старшыні «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча спыненая.
Крымінальная справа, дзе Зміцер Дашкевіч з'яўляецца пацярпелым, прыпыненая па п.1. ч.1 арт.246 Крымінальнага кодэкса Беларусі – паведамляецца ў лісце, які атрымаў апазіцыянер, за подпісам старэйшага дазнаўцы Заводскага РУУС г. Менска Жабінскага А.М.
Тым не менш, як адзначае прэс-служба «Маладога фронту», у адказе сказана: «Комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваных на высвятленне асобаў, якія здзейснілі злачынства, і пошук скрадзенай маёмасці працягваецца».
«Не было адразу ніякіх надзеяў, што пры гэтым рэжыме гэтая крымінальная справа будзе мець іншы вынік», -- пракаментаваў адказ міліцыі старшыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч.
Нагадаем, што 5 снежня ў 11 гадзінаў раніцы апазіцыянера ля яго кватэры абкружылі некалькі людзей у цывільным, заламалі рукі, вывелі на вуліцу і запіхнулі ў машыну. У Дашкевіча забралі асабістыя рэчы, надзелі на галаву дзве шапкі, некалькі гадзінаў вазілі ў машыне, пасля чаго пакінулі ў лесе пад Лагойскам.
У снежні 2009 года былі выкрадзеныя адразу некалькі лідэраў беларускай апазіцыі. Адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель быў выкрадзены невядомымі 6 снежня. Як распавёў моладзевы актывіст, яго схапілі чатыры чалавекі ў цывільным на вуліцы Бялінскага ў Менску, сілай пасадзілі ў белы аўтамабіль з прыцемненым шклом і вывезлі за горад. Па словах актывіста «Еўрапейскай Беларусі», выкрадальнікі практычна нічога не казалі. Яго галаву прыціснулі да каленяў і выпіхнулі з машыны дзесьці на прасёлкавай дарозе за некалькіх кіламетраў ад барысаўскай трасы.