Школьнікаў хочуць навучаць «гісторыі СНД»
14- 26.04.2010, 12:08
Міністэрства адукацыі мае намер унесці прапанову пра стварэнне адзінага падручніка гісторыі краінаў СНД.
Пра гэта паведаміў 26 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Астане (Казахстан) намеснік міністра адукацыі Беларусі Казімір Фарына, перадае БелаПАН.
Фарына адзначыў, што ў сучасных падручніках па гісторыі краінаў СНД існуюць разыходжанні па палітычных, ідэалагічных, эканамічных і кіраўніцкіх пытаннях. На яго думку, над стварэннем адзінага падручніка павінен працаваць вялікі аўтарскі калектыў, у які будуць уваходзіць гісторыкі і палітыкі з краінаў СНД.
Намеснік міністра адукацыі Беларусі лічыць, што спачатку павінен быць створаны падручнік для навучэнцаў 10—11-х класаў. Пасля яго апрабацыі ў старэйшых класах можа быць распрацаваны такі падручнік і для 5—9-х класаў.
У сваю чаргу намеснік міністра адукацыі і навукі Расеі Ісак Каліна мяркуе, што ў першую чаргу павінен быць створаны адзіны навучальны дапаможнік па гісторыі краінаў СНД для настаўнікаў.
«Я быў бы рады, калі б з'явіўся агульны падручнік гісторыі краінаў Садружнасці, але я хутчэй веру ў агульную кнігу для настаўніка», — сказаў Каліна журналістам. На яго думку, агульныя для краінаў СНД падручнікі для школьнікаў павінны быць хутчэй па матэматыцы, фізіцы і хіміі.