Пракуратура зацікавілася псіхіятрычнай экспертызай беларускага кіраўніка
31- 13.05.2010, 15:10
Кацярыну Садоўскую запрасілі прыйсці ў пракуратуру Ленінскага раёна 14 траўня на «гутарку», пры гэтым тэму размовы не патлумачылі.
«Думаю, гэта звязана з маім затрыманнем каля Вярхоўнага суда, калі я запатрабавала экспертызы здароўя Аляксандра Лукашэнкі. Я сапраўды вельмі занепакоеная сітуацыяй у краіне: па віне кіраўніцтва Беларусь можа канчаткова ператварыцца ў міжнароднага ізгоя, а гэта небяспечна для ўсіх яе грамадзянаў», - сказала ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» праваабаронца.
6 траўня пасля працэсу над Мікалаем Аўтуховічам ля ўваходу ў Вярхоўны суд грамадзяне арганізавалі акцыю салідарнасці з абвінавачанымі. Сярод тых, каго затрымала міліцыя, была праваабаронца Кацярына Садоўская, якая прыйшла да суду з плякатам з патрабаваннем псіхіятрычнай экспертызы Аляксандра Лукашэнкі. У міліцэйскім участку Кацярыне Садоўскай стала дрэнна, і яе адвезлі ў бальніцу.
12 траўня Ленінскім судом Менску былі пакараныя штрафамі ўдзельнікі тых падзей: Аляксандр Казулін, Аляксандр Макаеў, Мікалай Дземідзенка і Уладзіслаў Яроменка.
У 2006 годзе Кацярына Садоўская была асуджаная на 2 гады па артыкуле аб абразе Аляксандра Лукашэнкі. Праваабаронца адбывала пакаранне ў Гомельскай жаночай калёніі і выйшла на свабоду датэрмінова.