З-за новай «размытнёўкі» дылеры і бюджэт губляюць мільёны даляраў
22- 29.06.2010, 11:22
З-за розніцы ў пошлінах Беларусь губляе 5 мільёнаў даляраў у месяц, а дылеры згортваюць дзейнасць.
«Штомесяц краіна недаатрымлівае 4 908 100 даляраў у бюджэт з-за розніцы мытных пошлінаў на новыя аўтамабілі. Калі за першыя 4 месяцы 2009 года паступленні ў бюджэт склалі каля 8 855 600 даляраў у месяц, дык кожны месяц 2010-га «прыносіў» усяго 3 947 501 даляр. Штомесячная розніца – амаль пяць мільёнаў даляраў…» – пра гэта сайту Domkrat.by паведамілі ў Беларускай Аўтамабільнай Асацыяцыі (БАА).
«Недаатрыманыя» 30 мільёнаў даляраў аселі ў кішэнях фізасобаў і бюджэтах суседніх краінаў: з-за розніцы ў мытных пошлінах на новыя аўтамабілі фізасобы зараз аддаюць перавагу купляць іх у суседніх краінах Літве, Латвіі і Польшчы.
Пра гэта кажа статыстыка: за першыя 4 месяцы гэтага года дылерамі было прададзена 1519 аўтамабіляў. Афіцыйна аб'ёмы продажаў зменшыліся ў 4 разы! Але доля «афіцыйных» аўтамабіляў – усяго 33% з усіх зарэгістраваных новых аўтамабіляў. Астатнія 67% былі ўвезеныя па «шэрых» схемах. «У абыход» дылерскіх цэнтраў часцей за ўсё ўвозяць дарагія аўтамабілі. Кошт малалітражак павялічыўся не моцна, таму лідэры продажаў першых чатырох месяцаў выглядаюць так: Daewoo Matiz (234 аўтамабіля), Renault Logan (175), Samand (112), Daewoo Nexia (83) і Ford Focus (30).
Аўтамабілі преміюм-сегмента з вялікімі па аб'ёме рухавікамі наогул перасталі прадавацца: розніца ў «размытнёўцы» можа складаць 30-40 тысячаў еўра, таму фізасобы іх увозяць з-за мяжы. «Няма ні тэлефанаванняў, ні пакупнікоў: людзі, якія прыходзяць, ацэньваюць аўтамабіль, складаюць аптымальную камплектацыю – і сыходзяць да літоўскага дылера. Каб набыць новы аўтамабіль там, а да нас прыехаць і «стаць» на гарантыйнае абслугоўванне…» – гэта словы аднаго з дылераў, які пажадаў застацца неназваным.
Паводле інфармацыі сайта Domkrat.by, каля 60-70% новых аўтамабіляў BMW і Mercedes-Benz, увезеныя ў нашую краіну ў 2010-м, былі размытненыя «па-шэрым», на фізасобаў. Каб неяк выраўняць сітуацыю, завод Audi, напрыклад, увёў спецыяльныя кошты для Беларусі: нават з улікам новай «мытні» новыя аўтамабілі будуць каштаваць прыкладна столькі ж, колькі ў суседняй Літве. У іншых такога шчасця няма: застаецца толькі разлічваць на продаж запчастак і абслугоўванне аўтамабіляў.
«Менш за ўсё новыя мытныя пошліны паўплывалі на продаж «бюджэтных» аўтамабіляў, коштам да 20 тысячаў даляраў» – распавядае PR-мэнэджар кампаніі Volkswagen у Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Дземідовіч. «Іх часта купляюць у крэдыт. У гэтым выпадку варыянты з прыгонам аўтамабіля з-за мяжы не працуюць. Менавіта таму ў наступным годзе ў нас асаблівыя планы на сядан Polo расейскай зборкі: яго не трэба размытняць. Таму, калі розніца ў мытных пошлінах не зменіцца, выжывуць тыя дылеры, у гаме якіх ёсць «бюджэтныя» мадэлі. Прадаўцам дарагіх аўтамабіляў застаецца толькі паспачуваць…».
«Становішча, якое існуе, падтрымлівае эканоміку іншых краінаў і стварае лішнія нязручнасці для грамадзянаў Беларусі. Навошта, каб набыць новы аўтамабіль, ехаць у іншую краіну? Гэта дзіўна і нязручна. Таму мы прапанавалі дзяржаве стварыць мытны склад для новых аўтамабіляў» – на гэты кампраміс прапануе пайсці БАА.
Тэарэтычна ідэя свабоднага мытнага склада выглядае выдатна: дылер увозіць партыю аўтамабіляў, размяшчае на складзе. Пакупнік выбірае ўпадабаны варыянт, аплачвае «фізічную» размытнёўку – і з'яжджае на новым аўтамабілі. «Як прамежкавы варыянт, гэтую схему можна было б выкарыстоўваць да 2012 года. Калі мытныя пошліны застануцца ранейшымі, мы будзем лабіяваць стварэнне мытнага склада. Але прасцей за ўсё было б Беларусі і Казахстану прагаласаваць за зняццё мытных пошлінаў на новыя аўтамабілі ў межах Мытнага Саюза. Рашэнні ў ім усё адно прымаюцца большасцю галасоў. І для Беларусі і Казахстана зняццё мытных пошлінаў было б лепшым варыянтам…» – гэта меркаванне Беларускай Аўтамабільнай Асацыяцыі.
Калі не зменяцца пошліны, мытны склад для новых аўтамабіляў будзе кампрамісам. З-за розніцы ў пошлінах для юрасобаў і фізасобаў пакутуе не толькі бюджэт, пакутуе спажывец. Справа не толькі ў клопатах з паездкай за мяжу. Самае галоўнае: гарантыя. Як правіла, «шэрыя» аўтамабілі ставяць на гарантыю «са скрыпам». Часам: з абмежаваннямі па падвесцы, паліўнай апаратуры. З-за «відэльца» у «размытнёўцы» дрэнна ўсім: краіна губляе пяць мільёнаў даляраў у месяц, дылеры звальняюць персанал і згортваюць дзейнасць, пакупнікі новых аўтамабіляў атрымліваюць лішнія праблемы з гарантыйным абслугоўваннем.
«5 ліпеня прэзідэнт Казахстана будзе сустракацца з прэзідэнтам Расеі. Паводле нашай інфармацыі, ён будзе лабіяваць зняццё мытных пошлінаў на новыя аўтамабілі ў межах Мытнага Саюза. Хацелася б, каб гэтую прапанову падтрымаў і наш урад…» – гэта словы аднаго з аўтамабільных дылераў.
Як мантру яго зараз паўтараюць усе прадстаўнікі аўтамабільнага бізнэсу.