31 сакавiка 2020, aўторак, 19:30
Народны карантын
Рубрыкі

Guardian: Падпольны тэатр пралівае святло на тыранію ў Беларусі

3
Guardian: Падпольны тэатр пралівае святло на тыранію ў Беларусі

Падобна да Вацлава Гавэла і Мілана Кундэры, беларускія тэатралы сталі адважнымі крытыкамі гнілой брэжнеўскай сістэмы ў Беларусі.

«Свабодны тэатр, які прыбыў у Лондан на мінулым тыдні, перанёс нас з 2010 года ў 70-я, піша брытанскі Guardian.

Усё гэтак жа, як было падчас халоднай вайны. Як у свой час Гавэл і Кундэра выступалі ў абарону прыгнечаных чэхаў, так і акцёры з апошняй дыктатуры Еўропы з'яўляюцца самымі заўважнымі і адважнымі крытыкамі гнілой брэжнеўскай сістэмы Беларусі. Як пры камунізме Том Стопард быў сябрам усходнееўрапейскіх дысідэнтаў, так і зараз ён сябар беларускіх акцёраў андэграўнднага тэатра. Па традыцыі, Стопард прывітаў іх у Вялікабрытаніі ад імя Index on Censorship, праваабарончай арганізацыі, створанай Стэфанам Спендэрам у 1972 годзе ў падтрымку пераследаваных савецкіх пісьменнікаў. Без іроніі, але той факт, што так шмат творчых людзей вырашылася жыць і весці падрыўную дзейнасць супраць камунізму, ажывіла маю гутарку з Наталляй Калядой, заснавальніцай тэатра, жанчынай, што валодае спакойнай мужнасцю ідэйнага дэмакрата, які прызнае небяспеку пераследу. Яна распавядае змрочную гісторыю пра тое, як спецслужбы пагражалі яе мужу і вымусілі трупу паказваць спектаклі ў барах, прыватных дамах ці ў лесе, як яна правярае, ці няма інфарматараў сярод гледачоў, і раптам змаўкае. Яе эльфійскі твар асвятляецца ўсмешкай і яна ўсклікае: «Дыктатар усё яшчэ называе спецслужбы КДБ. Хоць у гэтым ён сумленны».

Трупа тэатра сустрэлася з Гаральдам Пінтэрам незадоўга да яго смерці, і ён заявіў, што беларусам трэба ўсвядоміць, што Вялікабрытанія пад кіраваннем Тоні Блэра таксама была чымсьці кшталту дыктатуры. Акцёры цярпліва тлумачылі беларускія рэаліі, і нават буркун Пінтэр вымушаны быў прызнаць, што, урэшце рэшт, не так ужо ўсё і дрэнна ў Брытаніі.

Адной з першых пастановак, якую «Свабодны тэатр» паспрабаваў прадставіць на сцэне, быў «Псіхоз 4.48» па п'есе Сары Кейн, цяжкая драма пра самагубства і дэпрэсіі (колькасць якіх незвычайна высокая ў Беларусі). Цэнзар апынуўся ў цяжкім становішчы. Ён выдатна ведаў, чаму «Свабодны тэатр» хацеў паставіць п'есу. Але з'яўляючыся прадстаўніком дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі, ён не мог дапусціць такую тэму як душэўная хвароба.

«Вы не можаце паказаць спектакль, таму што ў Беларусі няма дэпрэсіі», – патлумачыў ён.

«А мы і не кажам, што ёсць, – не разгубіліся акцёры. – Сара Кейн была брытанкай, так што калі п'еса і крытыкуе ўрад, дык гэта ўрад Вялікабрытаніі».

Цэнзар быў збянтэжаны, але адказ знайшоў: «Усё адно, гледачы могуць падумаць, што ў Беларусі ёсць дэпрэсія, нават калі яе няма, таму я забараняю паказ».

Я пайшоў у Index on Censorship з пачуцця абавязку, але спектакль апынуўся вынаходлівай камбінацыяй. Цытуючы Одена, «іранічныя выбліскі святла» асвятляюць галечу. У спектаклі «Лічбы», які можна паглядзець на сайце Index on Censorship, акцёры выконваюць сюррэалістычныя дзеянні, у той час як аператар праецыруе на сцяну за іх спінамі лічбы, якія сведчаць пра бядотнае становішча Беларусі – колькасць ахвяраў сэкс-гандлю, галеча краіны з сярэдняй зарплатай у 350 даляраў, уціскі ў дзяржаве, дзе забіваюць палітычных праціўнікаў і якая займае чацвёртае месца ў свеце па колькасці зняволеных на душу насельніцтва. Затым, каб праілюстраваць, як адчайна беларусы хочуць эміграваць, праектар паказаў гісторыю, як у кастрычніку 2006 240 кароваў прайшліся па электрычнай агароджы і пераплылі раку Буг, каб знайсці прытулак у Польшчы, што было першым выпадкам масавых уцёкаў па свабоду у гісторыі Еўразвяза, як з захапленнем заўважаюць прадстаўнікі тэатра.

Небяспека для неазнаёмленых, якія атрымліваюць асалоду ад іранічнага стылю праціўнікаў дыктатуры, у тым, што нашае задавальненне можа ператварыцца ў прыняцце тыраніі. Хоць тэатр Брытаніі прадэманстраваў годную захаплення салідарнасць з беларускімі дысідэнтамі – не толькі Стопард і Пінтэр, але тэатры Соха, Уэст-Ёркшыра і Алмейды прасоўвалі іх працу – большасць людзей не могуць знайсці Беларусь на карце. Шмат хто лічыць своеасаблівым анахранізмам існаванне гэтага перажытка савецкага прыгнёту ў маленькай дзяржаве ў цэнтры Еўропы, якая аддаленая ад асноўных плыняў сучаснасці.

Аднак, насуперак так званай «рэалістычнай» школе замежнай палітыкі, упадабанай нашым Міністэрствам замежных справаў, дыктатуры не з'яўляюцца стабільнымі рэжымамі. Яны заўсёды ў руху, накіроўваючыся да вялікіх рэпрэсіяў ці краху. Яны не менш сучасныя, чым іншыя формы кіравання. І акцёры Свабоднага Тэатра, і арганізатары сайта Хартыі-97, які сочыць за станам беларускай тыраніі, казалі мне, што яны лічаць новыя саюзы Лукашэнкі вельмі злавеснымі. Ён сябра клуба дыктатараў 21 стагоддзя, які, парушаючы звычаі халоднай вайны, аб'ядноўвае сацыялістычныя тыраніі і апекуноў радыкальнай рэакцыі. Саюз чырвонага і карычневага, камуністычны і фашысцкі, значыць, што пакуль Хусейн і Мілошавіч былі жывыя, Лукашэнка быў іх сябрам. Зараз ён саюзнік месіянскай ісламскай дыктатуры Ірана. Становячыся больш старым, ён распачынае бойку са сваімі былымі апекунамі ў Маскве і звяртаецца да сваіх новых саюзнікаў па ідэі.

Гэтай зімой ён правядзе выбары, і як у Іране, яны будуць сфальсіфікаваныя. Па прыкладзе Ахмадзінежада, ён рыхтуецца дэмаралізаваць апазіцыю, кантралюючы інтэрнэт. Новыя законы змушаюць уладальнікаў сайтаў да дзяржаўнай рэгістрацыі, а пастаўшчыкі паслугаў павінны ідэнтыфікаваць карыстальнікаў і захоўваць гісторыю іх пошуку. Апазіцыйныя сайты, якія ўжо патрапляюць па Ddos-атакі, меркавана арганізаваныя сіламі дзяржаўнай бяспекі, могуць сутыкнуцца з унясеннем у чорны спіс.

Калі фальшывыя вынікі справакуюць пратэсты, мала хто думае, што ён ізноў не возьме прыклад з Ірана і не накіруе супраць нязгодных сваіх галаварэзаў. Ён ужо даваў згоду на забойства сваіх палітычных апанентаў, збіццё апазіцыйных журналістаў, артыстаў, і няма прычынаў, з якіх ён не можа пайсці далей.

Нядаўна Наталля Каляда спытала дыпламата ЕЗ, чаму так мала палітычнай ці журналісцкай цікавасці да прыгнёту на задворках Еўропы. Ён адказаў, што да таго часу, пакуль на вуліцах не пачнуць складваць трупы, Еўропа не будзе занепакоеная.

Ці, іншымі словамі, калі вы нічога не ведаеце пра Беларусь, неўзабаве вы можаце даведацца больш, чым вам бы хацелася, з незайздросных прычынаў.