Амбасадар Літвы: Беларусь не выкарыстоўвае магчымасці «Усходняга партнёрства»
2- 26.07.2010, 15:44
Надыходзячая прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі будзе няпростай, мяркуе амбасадар Літвы ў Беларусі.
У інтэрв'ю DELFI Эдмінас Багдонас са шкадаваннем канстатуе, што ў Менску да гэтага часу няма інфармацыйнага цэнтра НАТА, а Беларусь не выкарыстоўвае магчымасці праграмы «Усходняе партнёрства».
«Адзін з пунктаў нашага парадку дня - адкрыць інфармацыйны цэнтр НАТА. У канчатковым рахунку такога пункта няма. Хачу толькі сказаць, што і ў Кіеве, і ў Маскве яны ўжо даўно ёсць», - падкрэсліў амбасадар.
- У Беларусі, сярод мясцовай інтэлегенцыі, амбасада Літвы ўспрымаецца як нейкі глыток паветра Эўропы. Як Вы глядзіце на сітуацыю ў краіне, і ці з'яўляецца амбасада такой вось выспай Эўропы ў Беларусі?
- Я нават не сумняюся ў гэтым. Мы заўсёды былі такімі, заўсёды з вялізным пачуццём і разуменнем ставіліся да нашых сяброў тут, якія і нас паважаюць, адпаведна, і супрацоўнічаюць з намі. Тыя складанасці, якія ёсць цяпер, не магу сказаць, што яны ёсць стала, але заўсёды былі.
Напрыканцы кожнага года мы чуем пра складанасці, звязаныя з энерганосьбітамі. Зараз гэтая форма, магчыма, некалькі іншая, я не бяруся за глыбокі аналіз сітуацыі. Але нашы дзверы заўсёды адчыненыя, у нас шмат сяброў. І ў складаныя, і ў нескладаныя часы мы заўсёды знаходзілі агульную мову з нашымі беларускімі сябрамі - і з чыноўнікамі, і з людзьмі, якія імі не з'яўляюцца. Не думаю, што зараз самыя лепшыя часы, але мы заўсёды адкрытыя для зносін, дыялогу, і заўсёды такімі будзем.
- Прайшло два гады з таго моманту, як Еўропа змяніла сваю тактыку ў дачыненні да Беларусі. Як амбасадар, які працаваў тут увесь гэты час, Вы бачыце якія-небудзь змены?
- Вы выдатна ведаеце ўмовы і крытэры зносін Еўразвяза з уладамі Беларусі. Кантакт ёсць сталы. Мы знаходзімся ў сталым кантакце з беларускімі ўладамі. Але вы ведаеце, што сюды прыязджала і Беніта Ферэра-Вальднер, і Хаўер Салана, і прэм'ер Італіі, зусім нядаўна прыязджаў Штэфан Фюле, якога мы ведаем яшчэ па тым часе, калі ён быў амбасадарам Чэхіі ў Вільні. І адпаведныя заявы былі зробленыя. У тым фармаце, што быў прапанаваны Беларусі, у тым ліку і «Усходняе партнёрства», на жаль, магчымасці не былі выкарыстаны Беларуссю. На жаль, магу сказаць, што гэтыя магчымасці не выкарыстаны.
- Пазіцыя Літвы па пытанні расейска-грузінскай вайны вядомая. Нядаўна, па беларускім ТБ было інтэрв'ю з Міхаілам Саакашвілі. Ці можна сказаць, што гэта поспехі літоўскай дыпламатыі?
- Не буду каментаваць тое, пра што размаўляе Саакашвілі з беларускімі ўладамі. Гэта не мая справа.
- Літоўская амбасада - кантактная амбасада НАТА ў Беларусі. Што за ўвесь гэты час адбывалася?
- Мы ўжо пяты год, як кантактная амбасада НАТА. Мы выконваем сваю справу.
- Інфармацыйны пункт НАТА ў Менску будзе?
- Гэта пытанне, ізноў жа, не да мяне. Першае, што мы тут рабілі, гэта хацелі, каб быў інфармацыйны цэнтр НАТА ў Менску. Адзінае, што я магу сказаць, на сённяшні дзень яго няма. Мы праводзім круглыя сталы, нашыя студэнты Інстытута міжнародных адносін размаўляюць з мясцовым факультэтам міжнародных адносін, я там чытаю лекцыі і г.д. Адзін з пунктаў нашага парадку дня - адкрыць інфармацыйны цэнтр НАТА. Але, у канчатковым рахунку, такога пункта няма. Хачу толькі сказаць, што і ў Кіеве, і ў Маскве яны ўжо даўно ёсць.
- У 2011 годзе ў Беларусі павінны прайсці выбары прэзідэнта Беларусі. Вы як прадстаўнік Літвы на беларускай зямлі назіраеце гэтыя працэсы. Што Вы бачыце?
- Я думаю, што будзе вельмі складаны час. Я ведаю, што па законе, выбары павінны адбыцца не пазней пачатку лютага, але, калі яны будуць на самой справе, я не ведаю. Цяперашняя сітуацыя, адносіны з Расеяй, заявы з аднаго і з другога боку, думаю, будуць мець уплыў на канчатковы вынік выбараў. Самае галоўнае, каб гэтыя выбары былі сумленнымі, адкрытымі і адпавядалі крытэрам АБСЕ.