Пажары дабраліся да заражаных радыяцыяй лясоў
4- 11.08.2010, 15:18
Расейскі цэнтр абароны лесу (Раслесабарона) пацвердзіў паведамленне пра тое, што прыродныя пажары, якія бушуюць, распаўсюдзіліся на лясы з радыяцыйным заражэннем.
Пра гэта паведамляе радыёстанцыя «Маяк».
У Раслесабароне выказалі здзіўленне адносна абвяржэння факту пажараў у лясах, заражаных радыёнуклідамі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
«Ёсць карты забруджванняў, ёсць карты пажараў. Накласці адну на другую можа любы», - патлумачылі ў Расейскім цэнтры абароны лесу.
У прыватнасці, у Бранскай вобласці на тэрыторыі лясоў, заражаных радыяцыяй, адбылося 28 пажараў на плошчы 269 га.
Галоўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка раней выступаў з абвяржэннем інфармацыі пра ўзгаранні ў лясах, заражаных пасля надзвычайнага здарэння у Чарнобылі.
«Не трэба сеяць паніку, усё там спакойна», - запэўніў кіраўнік Расспажыўнагляда.
Тым часам некаторыя эксперты мяркуюць, што лясныя пажары на тэрыторыі радыяцыйнага забруджвання могуць узняць у паветра радыёактыўны пыл. Разам з тым спецыялісты лічаць, што да сур'ёзных наступстваў гэта не прывядзе.