Беларусі пагражае дэфіцыт сельгаспрадукцыі з-за спякоты
6- 11.08.2010, 16:19
Кліматолагі ўпэўненыя, што змены клімату больш за ўсё адбіваюцца на сельскай гаспадарцы рэспублікі.
«Глабальнае змяненне клімату больш за ўсё ўплывае на развіццё сельскай гаспадаркі ў Беларусі», - заявіла на прэс- канферэнцыі ў сераду начальніца аддзела клімату Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Алена Камароўская, перадае «Інтэрфакс-Захад».
Паводле яе словаў, ва ўмовах зменлівага клімату «павялічылася цеплазабеспячэнне сельскагаспадарчых культураў, ссунуліся агракліматычныя вобласці ў рэспубліцы на 60-150 км на поўнач». Акрамя гэтага, па словах начальніка аддзела, у выніку змены клімату, у Беларусі «практычна распалася паўночная агракліматычная зона, а на поўдні з'явілася новая, падобная на ўкраінскае Палессе».
Камароўская адзначыла, што змены клімату ў цэлым спрыяльныя для выспявання збожжавых, але пагаршаюць умовы для выспявання бульбы, капусты, ільну. Спецыяліст таксама падкрэсліла, што змены клімату прывялі да павелічэння колькасці засушлівых дзён у годзе. У цэлым па Беларусі, у залежнасці ад рэгіёна, скарацілася колькасць ападкаў.
Кажучы пра станоўчыя моманты змены клімату, А.Камароўская паведаміла, што яны закранулі паліўна-энергетычны комплекс краіны. «Значна зменшыўся ацяпляльны перыяд у халодныя месяцы», - сказала яна. Разам з тым спецыяліст адзначыла, што «улетку павялічваюцца выдаткі на кандыцыянаванне».