14 чэрвеня 2026, Нядзеля, 0:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вернікі царквы «Новае жыццё» гатовыя абараняць свой будынак і пастара

10

Вернікі менскай царквы «Новае жыццё» не маюць намеру аплачваць штрафы амаль на 266 млн рублёў.

Яны таксама гатовыя абараняць свой будынак і пастара Вячаслава Ганчарэнку, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН юрыст супольнасці Сяргей Луканін.

Нагадаем, 12 ліпеня Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэнне суда Маскоўскага раёна сталіцы ад 26 лютага, якім царква «Новае жыццё» Рэлігійнага аб'яднання супольнасцяў хрысціянаў поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь аштрафаваная на 8,75 млн рублёў за забруджванне нафтапрадуктамі тэрыторыі супольнасці. 29 ліпеня па гэтым жа факце Гаспадарчы суд горада Менска наклаў на царкву штрафныя санкцыі на 249 млн рублёў. Апроч гэтай сумы, супольнасць абавязаная выплаціць 8 млн рублёў дзяржпошліны, якую ўнёс за зварот у суд Менскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. 8 жніўня агульны сход царквы вырашыў вердыкт суда не аспрэчваць, а таксама не выплачваць штрафы на 265,75 млн рублёў.

Як патлумачыў Луканін, царква лічыць рашэнні судоў незаконнымі і абсурднымі, а памер штрафаў - празмерным для рэлігійнай супольнасці. Паводле яго словаў, на працягу пяці апошніх гадоў царква выплаціла дзяржаве штрафы прыкладна на 10 тысячаў даляраў ЗША. «Аднак мы не можам аплачваць велізарныя санкцыі за тую шкоду навакольнаму асяроддзю, у якой царква абсалютна невінаватая», - падкрэсліў юрыст. Ён нагадаў, што тэрыторыя вакол супольнасці раней выкарыстоўвалася калгасам імя Калініна для сельгасвытворчасці, а затым на ёй размяшчалася несанкцыянаваная звалка прамысловых адыходаў з касцякамі і рухавікамі аўтамабіляў. Акрамя таго, паводле яго словаў, пры адборы пробаў грунту на праверку не прысутнічалі панятыя і чальцы супольнасці.

Як адзначыў Луканін, паколькі рашэнні судоў уступілі ў законную сілу, судовыя выканаўцы могуць ужо ў найбліжэйшыя дні арыштаваць банкаўскі рахунак царквы і яе маёмасць. Паводле ж рашэння вернікаў, прынятага тры гады таму, чыноўнікам пры выкананні службовых абавязкаў забаронены ўваход у царкву, сказаў юрыст.

Паводле яго словаў, за псаванне земляў у асабліва буйным памеры пастару царквы пагражае пазбаўленне волі да пяці гадоў. «Вернікі будуць адэкватна рэагаваць на дзеянні ўладаў пры спробе захопу будынка царквы і арышту Вячаслава Ганчарэнкі», - падкрэсліў Луканін.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках