13 чэрвеня 2026, Субота, 23:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У царкве «Новае жыццё» міліцыя шукала... прадукты

6

Раніцай 24 жніўня каля будынка царквы «Новае жыццё» сабралася вялікая колькасць міліцыянтаў і вайскоўцаў.

Дзесяткі вернікаў, якія сабраліся каля будынка, патрабавалі ад людзей у пагонах тлумачэнняў. Аказалася, што гэта былі прадстаўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацый, падатковай інспекцыі, санэпідэмстанцыі і міліцыі, паведамляе «Радыё Свабода».

Усе гэтыя органы нібыта атрымалі інфармацыю, што ў будынку царквы гандлююць прадуктамі харчавання. Вернікі назвалі гэта абсурдам і ні аднаго з прадстаўнікоў гэтых ведамстваў у свой храм не пусцілі.

Вернікі царквы лічаць, што прадстаўнікам уладаў загадана разбурыць будынак царквы, каб паставіць кропку ў працяглым канфлікце паміж вернікамі і ўладамі.

Прадстаўнікі «Новага жыцця» прайгралі некалькі судовых працэсаў, і цяпер вымушаныя плаціць вялікія штрафы. Паводле судовага рашэння, вернікаў павінны выдаліць з памяшкання царквы, і гэта можа здарыцца ў любы момант на працягу месяца.

14 жніўня ўступіла ў законную сілу рашэнне Гаспадарчага суда Менска пра спагнанне з менскай царквы «Новае жыццё» 249 млн. рублёў у якасці кампенсацыі за нанясенне шкоды навакольнаму асяроддзю.

29 ліпеня Гаспадарчы суд сталіцы прызнаў царкву «Новае жыццё» Рэлігійнага аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь вінаватай у нанясенні шкоды навакольнаму асяроддзю - забруджванні тэрыторыі царквы нафтапрадуктамі.

Каментуючы рашэнне суда адразу пасля яго абвяшчэння, юрыст царквы Сяргей Луканін заявіў, што прадстаўнікі «Новага жыцця» не прызнаюць сябе вінаватымі, паколькі пробы зямлі на праверку забруджвання адбіраліся супрацоўнікамі гарадскога экалагічнага ведамства без запрашэння зацікаўленых асобаў. «Мы не можам быць упэўненыя ў тым, што гэта пробы зямлі каля царквы, і ў тым, што ў іх перавышаная норма забруджвання», - падкрэсліў юрыст.

Канфлікт паміж уладамі Менска і «Новага жыцця» доўжыцца больш за 5 гадоў.

Вернікі судзяцца з уладамі з 2005 года, калі ў іх забралі зямельны надзел і будынак (былы калгасны кароўнік на ўскрайку Менска). Яны трымалі галадоўку пратэсту і вялі перамовы з уладамі. Улады паабяцалі вырашыць пытанне вернікаў станоўча, але праз 2 гады вернікі прайгралі суды па ўсіх пазіцыях.

Вернікі заяўляюць, што ўлады перайшлі да эканамічных санкцыяў, каб знішчыць непажаданую пратэстанцкую суполку.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках