3 траўня 2024, Пятніца, 21:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«БДГ»: Журналістаў заклікаюць да самацэнзуры?

2

Верагодна, палітычным апанентам рэжыму даюць зразумець: варта падбіраць словы.

На сайтах «БДГ» і «Наша меркаванне» з'явіўся артыкул Аркадзя Несцярэнкі пра гібель журналіста Алега Бябеніна:

Каментуючы ж гэтую трагедыю, магу сказаць, што мяне вельмі здзівілі асобныя меркаванні пра тое, што смерць Бябеніна ў Беларусі нікому не выгодная. Выгодная. І выгодная многім. У першую чаргу таму, што гэта палітычная гісторыя. Нават калі гэта самагубства. Нават калі Бябенін добраахвотна пайшоў з жыцця ён быў кіраўніком аднаго з уплывовых апазіцыйных сеткавых рэсурсаў і гэта не можа не накладаць свой адбітак на гэтую гісторыю. Акрамя гэтага ён быў асноўным удзельнікам каманды патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Г. зн. ён самым непасрэдным чынам быў уцягнуты ў бягучую электаральную кампанію. І, на мой погляд, ужо гэтага больш чым дастаткова, каб казаць пра тое, што гэта палітычная гісторыя. Кантэкст гэтай гісторыі - прэзідэнцкія выбары. Забойства гэта ці не, на дадзены момант - гэта самая значная падзея бягучай электаральнай кампаніі.

У афіцыйным заключэнні судова-медыцынскай экспертызы, гаворыцца пра тое, што слядоў гвалтоўнай смерці не выяўлена. Іншымі словамі ёсць верагоднасць таго, што Алег Бябенін добраахвотна пайшоў з жыцця. У прынцыпе, самагубства - гэта ж таксама пратэст, у тым ліку і супраць сістэмы. І цалкам магчыма такое развіццё падзеяў. Аднак на такі крок ідуць, як правіла, людзі загнаныя ў кут. Якія не маюць магчымасці дзейнічаць інакш.

Падобным чынам паступілі лідэры першага пакалення РАФ (Фракцыі Чырвонай Арміі), калі знаходзіліся ў зняволенні ў штутгартскай турме «Штамхайм». Ва ўсялякім выпадку, тады ў канцы 1970-х афіцыйна было абвешчана пра калектыўнае самагубства лідэраў нямецкіх гарадскіх партызан. Хаця многія да гэтага часу ў гэтым сумняюцца, гаворачы пра шматлікія нестыкоўкі і супярэчнасці ў той гісторыі.

Вяртаючыся да смерці Бябеніна, скажу, што калі зыходзіць з каментароў і водгукаў сяброў і калег Алега, можна зрабіць адназначную выснову. Ён не рабіў уражання чалавека, якога загналі ў кут. Тым не менш, паўтаруся, што выключаць магчымасць суіцыду не варта.

Калі ж выказаць здагадку, што гэта было забойства, то ў такім выпадку можна паспрабаваць прачытаць гэтую гісторыю з пункту гледжання палітычнай камунікацыі. Зразумець, на каго накіравана гэта паведамленне? Святлана Калінкіна, напрыклад, выказала меркаванне, што калі смерць Алега Бябеніна не была самагубствам, то гэта «барацьба розных цэнтраў уплыву ў сілавых структурах». Накшталт выбуху ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года, які адбыўся недалёка ад стэлы «Менск - горад герой».

Я б дазволіў сабе пагадзіцца з гэтым меркаваннем толькі часткова. Гэтыя гісторыі падобныя толькі з почырку, калі дапусціць, што і ў першым і ў другім выпадку працавалі беларускія спецслужбы. Іншымі словамі сходзяцца толькі адрасанты пасланняў. Адрасаты, на мой погляд, розныя.

Калі казаць пра тэракт на дзень незалежнасці, па-першае, гэта была медыя-акцыя. Медыя-пасланне. Праз нейкія дзесяткі хвілін на месцы выбуху ўжо працавалі дзяржаўныя тэлевізійнікі. Па-другое: узровень і ступень уцягнутасці афіцыйных асобаў у выпадку выбуху быў непараўнальна вышэйшы. На месца здарэння адразу пасля тэракту прыбыў асабіста А. Лукашэнка, які абсалютна выпадкова аказаўся побач, былы ў той час міністрам унутраных спраў Навумаў і начальнік ГУУС Менгарвыканкама Куляшоў (цяперашні міністр МУС). Г. зн. выбух з 3 на 4 ліпеня быў арганізаваны па прынцыпе выкліку сістэме. Рэакцыяй сістэмы на крытычны выклік стала структурная перастаноўка ўнутры сілавога поля.

Я б рызыкнуў выказаць здагадку, што калі б было неабходна справакаваць падобную ж рэакцыю, узровень публічнасці і ўплыву фігуры быў бы значна вышэйшы. Не было б ніякай двухсэнсоўнасці. Смерць адназначна трактавалася б альбо як публічны выклік сістэме (тэракт на дзень незалежнасці), альбо як выклік персанальна А. Лукашэнку (забойства Мікалуцкага ў Магілёве).

Сказанае вышэй у поўнай меры тычыцца і версіі пра тое, што Алег Бябенін мог быць забіты спецслужбамі замежнай дзяржавы для стварэння палітычнага крызісу ўнутры Беларусі. Аднак замежным спецслужбам выгадная гэтая смерць толькі ў адным выпадку. Калі ў грамадстве ёсць сур'ёзны пратэстны патэнцыял, паводзіны і рэакцыю якога не складана змадэляваць падобным інцыдэнтам.

Алег Бябенін - значная, прыкметная фігура ў журналісцкай супольнасці. Аднак яго прозвішча не было вядомае шырокай грамадскасці. Для «Хартыі'97» Алег Бябенін быў ключавой фігурай, але ён не быў медыя персонай, смерць якой здольная справакаваць аглушальны грамадскі рэзананс. Я мяркую, што пакуль рана шукаць у гэтай гісторыі падвойныя сэнсавыя планы. Хто першымі стаў каментаваць смерць Бябеніна? Журналісты і людзі, якія валодаюць той ці іншай публічнай вагой. Менавіта гэтыя супольнасці, на мой погляд, і з'яўляюцца галоўнымі рэцыпіентамі гэтага паслання.

Літаральна на працягу некалькіх дзён у паветры павісла такая атмасфера страху, што ад эйфарыі, якую яшчэ ўчора справакавалі «тэлебацькі» не засталося і следу. У дадзеным выпадку смерць - відавочны сігнал, накіраваны на тое, каб гасіць любую рэзкую, правакацыйную інфармацыю супраць беларускага рэжыму. Журналісты маркіруюць гэтую трагедыю як заўгодна, толькі не словам палітыка (напрыклад, на сайце «Беларускія навіны» смерць Бябеніна пададзеная ў раздзеле «здарэнні»). Хаця, паўтаруся, на мой погляд, гэта выключна палітычная гісторыя, што кажа пра пачатак фінальнай фазы прэзідэнцкай кампаніі.

Наперадзе самы адказны этап выбарчай кампании'2010 - агітацыя, доступ да тэлебачання, публічныя, дазволеныя масавыя сустрэчы з выбаршчыкамі. І, магчыма, палітычным апанентам рэжыму даюць зразумець: варта падбіраць словы. Відавочныя ісціны, якія варта пастаянна нагадваць, таму што вельмі ўжо ўсе неяк расслабіліся ў апошні час. Толькі гультай не казаў пра тое, што А. Лукашэнка - «кульгаючая качка» і рэжым абрынецца калі не заўтра, то паслязаўтра дакладна. Смерць Алега - гэта, калі заўгодна, заклік да павышанай самацэнзуры.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках