10 траўня 2024, Пятніца, 12:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Воўчак: Калі раней беларусаў запалохвалі «здохлымі пацукамі», то зараз - «падпальшчыкамі»

1

Дзесяць чалавек затрыманыя па падазрэнні ў дачыненні да «экстрэмісцкіх падпалаў».

Як піша «Беларускі партызан», сярод іх анархісты, а таксама прадстаўнік незарэгістраванай Партыі свабоды Сяргей Папоў, сябра «Правага альянса» Ігар Чапіга. Затрыманая 7 верасня Таццяна Семянішчава, як паведамляюць сябры, на допыце рэзала сабе рукі канцылярскім нажом.

Таццяну Семянішчаву першы раз затрымалі 6-га верасня, дапыталі, абшукалі і адпусцілі. А 7-га верасня затрыманне паўтарылі. Раніцай запрасілі зайсці за флэшкай, якую ў яе канфіскавалі, а цвёрды дыск, маўляў, аддадзім пазней. Таццяна пайшла. Яе сталі дапытваць зноў і па ходзе допыту вінаваціць у тым, што гэта менавіта яна з'яўляецца арганізатарам спробы падпалу расейскай амбасады 30-га жніўня.

Дакладна вядома, што Таня рэзала сабе рукі канцылярскім нажом - ад добрага стаўлення такога не адбываецца. Хуткая перавязала ёй рукі, аказала дапамогу, пасля чаго Таццяну Семянішчаву працягвалі дапытваць - да глыбокага вечара.

Яшчэ адзін затрыманы - эколаг Уладзімір Валодзін, краязнаўца, знаўца беларускай даўніны і праціўнік атамнай электрастанцыі, якую збіраецца, нягледзячы на спадчыну Чарнобыля, пабудаваць у рэспубліцы Лукашэнка. Валодзіна абвінавачваюць у тым, што ён удзельнічаў у падпале будынка «Беларусбанка» 1-га траўня гэтага года. У гэтым жа спрабуюць абвінаваціць і семярых затрыманых анархістаў, выкрадзеных органамі 3-га верасня. Відаць, расейская амбасада да іх ніяк не «прыклейваецца», дык трэба прыляпіць хоць што-небудзь...

І Таня Семянішчава, і Валодзя Валодзін арыштаваныя мінімум на трое сутак, потым тэрмін могуць падоўжыць, як гэта ўжо было з іншымі актывістамі на мінулым тыдні.

Сітуацыю з затрыманнем «экстрэмісцкіх падпальшчыкаў» каментуе Алег Воўчак, кіраўнік ПЦ «Прававая дапамога насельніцтву».

- Прааналізаваўшы ўсю наяўную інфармацыю, можна ўпэўнена заявіць, што ўсе затрыманні беларускіх анархістаў нічога агульнага з інцыдэнтам ля амбасады Расеі не маюць. Па-першае, іх «Рух свабоды» - нікому не вядомая арганізацыя. Здзейсніць такую дзёрзкую акцыю маглі толькі ці адмарожаныя асобы, ці падрыхтаваныя прафесіяналы.

Чаму прафесіяналы? Ды таму, што яны лёгка пакінулі месца здарэння, не дазволіўшы праваахоўным службам сябе затрымаць. А такія ж месцы асабліва ахоўваюцца.

Наколькі мне вядома, усе затрыманыя былі ў той час за межамі Беларусі. Гэты факт хутка правяраецца. Але чаму іх затрымалі на больш працяглыя тэрміны? Магчыма, у надзеі, што хто-небудзь пад ціскам ўсё ж такі прызнаецца. Гэта акалічнасць гаворыць пра тое, што ў следства няма аператыўных дадзеных на дачыненне маладых людзей да гэтага злачынства. Мне шкада, што гэтыя хлопцы і іх родныя, сталі закладнікамі гэтых аператыўнікаў.

Чаму праваахоўныя органы раней не сталі затрымліваць анархістаў, а толькі пасля таго, як пра іх датычнасць заявіў Лукашэнка? Атрымліваецца, што ён лепш валодае сітуацыяй, чым аператыўнікі. Тады гэта ўсё сведчыць пра непрафесіяналізм супрацоўнікаў, якія вядуць расследаванне дадзенага злачынства.

Дарэчы, ніхто нават і не здагадваецца, па якім жа артыкуле крымінальнага кодэкса ўзбуджаная крымінальная справа: хуліганства, тэракт або знішчэнне чужой маёмасці, як калісьці прыпісвалася Аўтуховічу? Чаму да гэтага часу няма афіцыйнага пункту гледжання праваахоўных органаў на гэтае здарэнне? А ці быў афіцыйны ліст ад урада Расейскай Федэрацыі з нагоды інцыдэнту? Многія эксперты схіляюцца да таго, што дадзенае злачынства не будзе расследаванае, як і выбух 3-га ліпеня, паколькі яно было добра прадуманым і спланаваным. Дылетанты тут ні прычым.

Мяне насцярожвае той факт, што ў Беларусі пачынаюць адбывацца дзіўныя падзеі. Як толькі пачынаюцца выбары, адразу пачынаюць запалохваць насельніцтва. Калі ў 2006 годзе нас запалохвалі «здохлымі пацукамі», то зараз - «экстрэмістамі-падпальшчыкамі». Кожны дзень бачым у навінах: то аднаго падпальшчыка, то іншага затрымалі. І як высвятляецца, падпалаў было шмат, але не ўсе былі ў полі зроку грамадскасці. У краіне пачалося паляванне на падпальшчыкаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках